Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: на “Азоце” прымушаюць выходзіць зь незалежнага прафсаюзу


Радыё Свабода Ад пачатку году шэрагі Беларускага Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Горадня Азот” пакінулі каля 500 ягоных сябраў. Актывісты Незалежнага прафсаюзу цьвердзяць, што рабочыя пісалі заявы пад ціскам адміністрацыі. Цяпер у шэрагах Незалежнага прафсаюзу засталося крыху больш за 300 сябраў. Але й дагэтуль адміністрацыя прадпрыемства не падпісала калектыўнай дамовы зь Незалежным прафсаюзам.

Перамовы аб падпісаньні калектыўнай дамовы сябры Незалежнага прафсаюзу з адміністрацыяй прадпрыемства “Горадня Азот” вядуць з траўня — пакуль безвынікова. А тым часам адміністрацыя прадпрыемства імкнецца зьменшыць колькасьць сябраў Незалежнага прафсаюзу.

Нядаўна генэральны дырэктар Аляксандар Радзевіч сустрэўся з працоўным калектывам і заявіў, што ягоная задача — каб сябры Незалежнага прафсаюзу далучыліся да афіцыйнага “Белхімпрафсаюзу”.

Гаворыць рабочы Генрых Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “Дырэктар спасылаецца на тое, што ня бачыць мэтазгоднасьці ў існаваньні на прадпрыемстве двух прафсаюзаў. Маўляў, калі пачнецца цяжкі час на прадпрыемстве, то сябрам афіцыйнага прафсаюзу ён заўсёды растлумачыць сытуацыю, а сябры Незалежнага прафсаюзу яго не зразумеюць”.

Начальнікі цэхаў таксама адкрыта прапаноўваюць перайсьці ў афіцыйны “Белхімпрафсаюз”.

Вось што кажа лідэр незалежнага прафсаюзу “Горадня Азот” Сяргей Антусевіч:

(Антусевіч: ) “Людзей напалохалі так моцна, што з нармальнай арганізацыі, якая расла і шырылася, зрабілі нейкую страшылку. З прыходам на пасаду новага генэральнага дырэктара пачаліся размовы практычна з кожным сябрам прафсаюзу”.

Летам прафкаму Незалежнага прафсаюзу не працягнулі арэнды памяшканьня — праўда, прапанавалі перабрацца ў іншы будынак, далёка ад рабочых цэхаў. Але дамова ў новым месцы на арэнду падпісаная толькі на два месяцы. Са словаў рабочага Грынкевіча, сябры прафсаюзу прасілі генэральнага дырэктара Радзевіча пакінуць іхны калектыў і займацца непасрэдна вытворчасьцю:

(Грынкевіч: ) “Паглядзіце, зямлю капаюць, перавозяць зь месца на месца — гэта адмываньне грошай. Усе яму кажуць: пускайце грошы на вытворчасьць, у нас асноўныя фонды знасіліся недзе на 80%, трэба іх аднаўляць, трэба будаваць нешта новае, а не капаць зямлю. Трэба займацца вытворчасьцю, а не змагацца з прафсаюзамі”.

Старшыня афіцыйнага прафсаюзу Ларыса Сыраваткіна ўпэўненая, што нікога не прымушаюць пераходзіць да іх зь незалежнага прафсаюзу. Яна сьцьвярджае, што на прадпрыемстве каля тысячы чалавек наагул не належаць да прафсаюзаў. А што да таго, ці роўныя ўмовы маюць на прадпрыемстве дзьве прафсаюзныя арганізацыі, кіраўнічка афіцыйнага прафсаюзу заяўляе:

(Сыраваткіна: ) “Я гэтага не адчуваю. Я ня бачу нейкіх прэфэрэнцыяў з боку адміністрацыі менавіта для нашага прафсаюзнага камітэту”.

Першасная арганізацыя Беларускага Незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве “Горадня Азот” створаная 5 лістапада 1992 году. У яе спачатку ўваходзілі 7 чалавек. Арганізацыя хутка пашыралася, найбольш сябраў было ў 2001—2002 гадах — каля 1200 чалавек. Цяпер у Горадні гэта адзіная першасная арганізацыя Беларускага Незалежнага прафсаюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG