Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры выбары мовы вядучыя БТ будуць “кіравацца лёгікай” (фота)


Ігар Карней, Менск Сёньня Беларускае тэлебачаньне пачынае шырока разрэклямаваны новы сэзон. Бягучыя зьмены закрануць структуру інфармацыйнага і грамадзка-палітычнага вяшчаньня; зьявяцца новыя палітычныя дакумэнтальныя сэрыялы, уласныя расьсьледаваньні журналістаў Агенцтва тэлевізійных навінаў.

У новым тэлесэзоне сваю вядучую ролю захавае АТН. Яго галоўным “прадуктам” па-ранейшаму застаецца вечаровая “Панарама” (цяпер – з двума вядучымі, на прыклад расейскага НТВ). Тройчы на тыдзень будуць падавацца расьсьледаваньні спэцбрыгадаў агенцтва. Паведамляецца, што завяршаецца праца над дакумэнтальнымі стужкамі, прысьвечанымі былому ірацкаму лідэру Садаму Хусэйну і экс-прэзыдэнту Югаславіі Слабадану Мілошавічу (“Першы” агучыць уласную вэрсію краху “вечных рэжымаў”).

Вялікія спадзяваньні – на сумесны з радыёстанцыяй “Радыюс-FM” праект “Сцэнары-2020” з крытыкай плянаў Захаду, скіраваных нібыта на падзел сьвету. Адмысловая праграма рыхтуецца да 15-годзьдзя Белавескіх пагадненьняў, якія паводле кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, “кардынальна памянялі мапу сьвету і прынесьлі столькі чалавечых ахвяраў”.

Не застануцца па-за ўвагай палітычныя эліты суседніх краін: перадусім, якія ўжо сталі сябрамі альбо толькі дэкляруюць сваё жаданьне інтэгравацца ў Эўразьвяз. Што да лідэраў беларускай апазыцыі, дык спадар Зімоўскі кажа: да “сэрыялаў” яе прадстаўнікі яшчэ не дацягваюць.

(Зімоўскі: ) “Усё будзе, але ня ў тым кантэксьце, у якім задаецца пытаньне... Ня трэба блытаць дакумэнтальны сэрыял з сэрыяй рэпартажаў аб дзейнасьці той альбо іншай палітычнай партыі, арганізацыі ці асобнага палітыка. Ці будзем мы кагосьці працягваць паказваць зь яго лецішчамі, набыцьцём дамоў і г.д. Ну, гэта сюжэт для навінаў, гэта ж не сэрыял”.

Між тым, як лічаць прадстаўнікі дэмакратычных колаў, бязь іх афіцыйная прапаганда не абыдзецца. Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер.

(Альфер: ) “Гаварыць толькі пра тое, што вельмі добры ўраджай ці ЗША – галоўны вораг Беларусі, пэўна, ужо не настолькі цікава беларускаму народу. Дый увогуле ванітуе ад гэтага. Таму БТ вымушанае будзе любым чынам, у тым ліку і тады, калі будзе брудам палівае апанэнтаў, усё роўна гаварыць пра апазыцыю. Таму мы ў любым выпадку будзем прысутнічаць на беларускай тэлевізіі – праўда, мяркую, толькі ў нэгатыўным пляне. Але, тым ня меней, і з гэтага людзі нейкую інфармацыю пра тое, што існуе апазыцыя, што яна актыўна працуе, будуць мець”.

А вось як пракамэнтаваў генэральны прадусар тэлеканалу “Лад” Сяргей Кухто моўную палітыку Беларускага тэлебачаньня ў сэзоне 2006-2007 гадоў.

(Кухто: ) “Мы адштурхоўваемся ад таго, што ў нашай краіне дзьве дзяржаўныя мовы. Нашы вядучыя досыць вопытныя ў гэтым сэнсе, свабодна валодаюць дзьвюма мовамі. І дзе лёгіка будзе падказваць ўжываньне беларускай мовы, яна абавязкова там будзе”.

У сваю чаргу, дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасьці Ўладзімер Шпітальнікаў расказаў, на якой падставе забракоўваюцца асобныя перадачы.

(Шпітальнікаў: ) “Справы сямейныя”, “Звычайны незвычайны дзень”… Шмат праграмаў сышло. А сышло хоць бы таму, што зьявіўся проста штамп. Казаць, што ўзровень зьнізіўся? Шчыра калі гаварыць, паступова пачалі халтурыць хлопцы. А калі гэта ўжо робіцца заўважна, я не лічу, што можна з гэтага штосьці перарабляць, кагосьці прымушаць, падганяць…”



Кіраўніцтва БТ абяцае ў новым сэзоне шмат палітычных відовішчаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG