Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пагоня” на пашпарце? Выезд забаронены!


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня пры даглядзе ранішняга цягніка “Гомель—Чарнігаў” беларускія памежнікі забаранілі выехаць за мяжу грамадзкаму актывісту Сяргею Сямёнаву

У інтэрвію Радыё Свабода Сяргей Сямёнаў паведаміў, што сёньня ў Чарнігаве адбываецца сустрэча маладых актывістаў дэмакратычнага руху Ўкраіны й Беларусі. Спадар Сямёнаў кажа, што меў афіцыйнае запрашэньне:

(Сямёнаў: ) “Зьнялі за тое, што на маім пашпарце на першай старонцы наклееная выява “Пагоні”. Заявілі, што з такой налепкай пашпарт зьяўляецца несапраўдным. Між тым, я ўжо амаль дзесяць гадоў ежджу (а апошнія паўгоду — вельмі часта) ва Ўкраіну, і ніякіх пытаньняў да сёньня не было, нават ніякіх заўвагаў. Я папрасіў памежнікаў даць пісьмовы адказ, але яны адмовіліся гэта зрабіць. У кнізе скаргаў і прапановаў я напісаў, што ўсё-такі патрабую даць адказ. Кнігу мне далі, але за гэта давялося шмат паспрачацца”.

Сяргею Сямёнаву 24 гады. Ён сябра рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі “Гарт”, дзейнасьць якой забаранілі ўлады. У 2005 годзе Сяргей быў адлічаны з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту. Як даводзіць моладзевая актывістка Юлія Сівец, цяперашнія непрыемнасьці — таксама вынік перасьледу:

(Сівец: ) “Яму нядаўна яшчэ папярэджаньне выдалі за дзейнасьць у незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. Мяркую, што ёсьць такі сьпіс. Гамельчукоў часта ссаджвалі, калі, напрыклад, яны пераяжджалі празь беларуска-літоўскую мяжу. А Алесю Карняенку ўвогуле забаранілі перамяшчэньне празь мяжу, бо яму далі штраф 2,5 тысячы даляраў, а ён не заплаціў”.

Як стала вядома Радыё Свабода, сёньня Сяргей Сямёнаў накіраваў пісьмовы запыт у Дзяржаўны камітэт памежных войскаў Беларусі. Заяўнік просіць патлумачыць, ці зьяўляецца налепка ў пашпарце падставай прызнаць пашпарт несапраўдным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG