Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня выйдзе на свабоду Алесь Чыгір


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня а 18-й гадзіне пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту будзе вызвалены дэпутат Бабруйскага гарсавету, настаўнік гісторыі Алесь Чыгір.

Алеся Чыгіра зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і пакаралі дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту. Кіраўніцтва ўправы адукацыі Бабруйску адмовіла Алесю Чыгіру ў падаўжэньні працоўнага кантракту, як ён лічыць, з палітычных матываў. На знак пратэсту ён прывязаў сябе ланцугамі да слупу каля будынку гарвыканкаму. Міліцыянты затрымалі Алеся Чыгіра, і разам зь ім дзесяць журналістаў розных незалежных мэдыяў, якія сачылі за хадою падзеі.

Ад сярэдзіны жніўня Алесь Чыгір застаецца беспрацоўным. На ягоным утрыманьні трое непаўналетніх дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
XS
SM
MD
LG