Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды”


Ганна Соўсь, Менск Агляд званкоў і лістоў слухачоў "Свабоды (18-24 верасьня)

Васіль Цюхась з Бярэзіна праслухаў папярэдніх удзельнікаў перадачы “У што я веру”, і сваё эсэ пабудаваў, грунтуючыся на іхных меркаваньнях, часам спрачаючыся з аўтарамі.

(Цюхась: ) “Я паслухаў меркаваньні многіх людзей, знакамітых і невядомых для шырокай грамадзкасьці, і магу сказаць, што маё разуменьне пачуцьця веры пераклікаецца з выказваньнем старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Яна сказала: “Я веру ў саму веру”. Я скажу тое самае іншымі словамі. Я веру ва ўсё акрамя нявер’я.

Я веру ў Бога і веру ў д’ябла, веру ў анёлаў і веру ў дэманаў. Таксама веру ў касьмічных прышэльцаў, у паралельныя сусьветы, у жыцьцё пасьля сьмерці і ў жыцьцё да нараджэньня. Я веру ўсім прарокам -- Хрысту, Будзе і Мухамеду. Я веру ў рэінкарнацыю і мэдытацыю, у ілюзорнасьць сьвету і матэрыяльнасьць думак, у тантрычны сэкс і вечную маладосьць. Я веру, што шлях да Бога адзін, але ў кожнага ён свой. Адным словам, я веру ва ўсё тое, у што ня верыць спадар Андрэй Дынько, рэдактар незалежнага выданьня.

Што да сьветлай будучыні Беларусі, дык яны прыйдзе, і прыйдзе хутка. Мая ўпэўненасьць грунтуецца ня толькі на прадчуваньні, але і на шматлікіх біблейных ды іншых сьвяшчэнных тэкстах”.

Дарэчы, разважаньні Васіля Цюхася пра веру займаюць каля 16 хвілінаў, цяпер прыводзіўся толькі фрагмэнт.

Міхась Данько з Давыд-Гарадку, што на Берасьцейшчыне, даслаў на гэтым тыдні ліст, які пачынае словамі Васіля Быкава: “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю “Свабоду”. Тое сталася звычаем і патрэбай душы”. Праўдзівая і цікавая інфармацыя “Свабоды” ўмацоўвае тую веру. Веру найперш за ўсё ў розум. Розум робіць наша жыцьцё больш цікавым, шчасьлівым і заможным”, -- піша Міхась Данько.

Я веру, што нарэшце наш народ памяняецца. Веру, што нашаму грамадзтву спатрэбяцца навуковыя распрацоўкі прафэсара Бандажэўскага, прафэсара Багданкевіча ды іншых. Калі пералічыць усіх разумных людзей, якія гатовыя паслужыць народу Беларусі, то ня хопіць ніякага ліста. Я веру, што такія разумныя людзі, як Андрэй Клімаў, Васіль Лявонаў, Аляксандар Казулін, Мікола Статкевіч ды іншыя патрыёты замест таго, каб бавіць свой час за кратамі, будуць служыць народу Беларусі. І пакуль ёсьць такія людзі – Жыве Беларусь!” -- упэўнены Міхась Данько з Давыд-Гарадку.

Многія слухачы гавораць пра веру ў рэлігійным значэньні гэтага слова.

“Бяз веры ў Бога праз Госпада нашага Ісуса Хрыста ня можа быць ані самаахвярнасьці Бацькаўшчыне, ані шчырага каханьня, ані добрасумленнай працы, ані вернага сяброўства , нічога, -- піша Фаіна Глебка з Віцебску.

“У нашай шматнацыянальнай краіне аб’яднальнай сілай можа быць царква хрысьціян Адвэнтыстаў сёмага дня, якая спавядае Дабравесьце Хрыстова, вучыць праўдзе на слову Божым і не падзяляе вернікаў на канфэсіі”, лічыць Фаіна Глебка з Віцебску.

А вось меркаваньне слухача “Свабоды” Генадзя Майсеенкі, якое ён пакінуў на нашым телефоне-аўтаадказьніку.

(Майсеенка: ) “Я веру, што ў хуткім часе Беларусь паўстане сапраўды незалежнаю дзяржавай з адзінай беларускаю, ліцьвінскаю мовай, краінай, якая стане чальцом адзінай Эўропы, а потым увойдзе ў склад Злучаных Штатаў Сьвету. Па-другое, я веру, што розныя супрацьчалавечыя “ізмы”(ад марксізму, ісламізму, лукашызму і савецізму) застануцца ў гісторыі як псыхічныя масавыя хваробы. Я веру, што сталінская аднайменная лінія паблізу ад мяне яшчэ пры мне стане музэям “лукашызму”. А галоўнае, я веру, што мой народ беларускі, ліцьвіны, ня вымрэ, а будзе існаваць надалей, як адзіная частка чалавецтва”.

*** Верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG