Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнікамі?


Альгерд Невяроўскі, Менск У зьвязку з падзеямі вакол выхаванкі Вялейскай школы-інтэрнату Вікі Мароз у Італіі, наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Менску: як яны ставяцца да праблемы ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнікамі.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся добра да ўсынаўленьня сіротаў грамадзянамі любой краіны. Бо трэба, каб діця мела сям’ю. Калі ў нас не дастаткова нашых, няхай ўсынаўляюць замежнікі”.

(Спадар: ) “Трэба ўлічваць кожны варыянт. Глядзець у цэлым. Калі дзіцяці добра, то добра будзе паўсюль”.

(Дзяўчына: ) “Адмоўна. Мне здаецца, што беларускія дзеці павінны заставацца ў Беларусі. Бо я чула пра выпадкі, калі замежныя грамадзяне вельмі дрэнна ставіліся да нашых дзяцей”.

(Спадарыня: ) “Калі ім там будзе лепей чым у дзіцячым доме, то чаму не?”

(Спадар: ) “Гледзячы ў якую сям’ю яны трапляюць. Таму што многія людзі ў нас ня могуць узяць да сябе дзіця. І калі яны трапляюць у добрую сям’ю за мяжой, то чаму не?”

(Хлопец: ) “Добра стаўлюся. Я думаю, што дзецям патрэбная сям’я, незалежна якая – беларуская ці замежная”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнымі грамадзянамі?”

(Спадарыня: ) “Ня вельмі добра да гэтага стаўлюся. Павінна нашая краіна займацца гэтым. Бо шмат выпадкаў, калі лёс гэтых дзяцей варты жалю.Тым больш, што за лёсам іх ня сочаць. Таму я стаўлюся да гэтага нэгатыўна”.

(Дзяўчына: ) “Добра стаўлюся. У дзяцей павінны быць бацькі”.

(Спадар: ) “Гэта выключна індывідуальнае пытаньне. Бо нейкаму дзіцяці, можа быць, будзе лепей там. Яно, можа, і адаптуецца да таго асяродзьдзя”.

(Хлопец: ) “Я супраць гэтага. Бо ў замежных бацькоў іншы мэнталітэт. У нас зусім іншая краіна, іншы мэнталітэт”.

(Спадарыня: ) “Адмоўна стаўлюся. Я думаю, у нашай кране ёсьць дастаткова грамадзянаў, якія маглі б выхаваць дзяцей і даць ім адпаведную адукацыю. Многія ня маюць дзяцей і хацелі б узяць іх зь дзіцячых дамоў”.

(Дзяўчына: ) “Вельмі добра. Я сама езьдзіла ў Італію, праўда, не як сірата. Я лічу, што там дзецям лепей. Там іншыя ўмовы жыцьця”.
XS
SM
MD
LG