Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якую калёнію накіруюць Мікалая Астрэйку і Цімафея Дранчука?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Калі ўлады вызначацца з тым, дзе будуць адбываць пакараньне актывісты “Партнэрства”? Чаму “хімік” Мікалай Статкевіч працуе без выходных? Якое “выключэньне” зрабілі ўлады экс-кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну?

Дагэтуль ня вырашана, дзе будуць адбываць пакараньне актывісты “Партнэрства” Мікалай Астрэйка і Цімафей Дранчук. Нагадаю, разгляд іх касацыйнай скаргі адбыўся 15 верасьня, прысуд пакінулі бяз зьменаў, але маладых людзей дагэтуль трымаюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў вельмі дрэнных умовах. Маці Мікалая Астрэйкі зьвярталася да кіраўніцтва ізалятару з пытаньнем, у якую калёнію накіруюць яе сына, і даведалася толькі пра тое, што ня ў менскую.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Пакуль няма ніякіх зьвестак. Сёньня вось двойчы была там на Валадарцы. Чакаем, пакуль дакумэнты з гарсуду прывязуць у ізалятар. Ад Мікалая сёньня прыйшоў ліст. Піша, што гатовы ехаць у любую калёнію”.

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў паведамілі, што накіраваць Мікалая Астрэйку і Цімафея Дранчука могуць у адну з чатырох калёній з агульным рэжымам: дзьве зь іх разьмешчаныя ў Магілёўскай вобласьці , адна пад Віцебскам у пасёлку Віцьба, і яшчэ адна пад Івацэвічамі. У якую дакладна накіруюць актывістаў “Партнэрства”, не паведамілі.

Дарэчы, у калёнію “Віцьба-3” на гэтым тыдні патрапіў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Пасьля разгляду касацыйнай скаргі ў Менскім гарсудзе ён адбыў у сьледчым ізалятары меней за суткі. Сваякі палітыка абураюцца тым, што яму нават не далі магчымасьці сустрэцца з бацькамі – людзьмі сталага веку. Бацька Казуліна Ўладзіслаў Аляксандравіч спадзяваўся ў судзе пабачыць сына, але на разгляд касацыйнай скаргі палітыка ў суд не прывезьлі. Потым стары чалавек разьлічваў убачыць сына на спатканьні 21 верасьня, але ноччу Аляксандра Казуліна тэрмінова адвезьлі зь Менска ў калёнію “Віцьба-3”. Цяпер сваякі могуць разьлічваць на спатканьне не раней як праз некалькі месяцаў.

А напярэдадні адпраўкі ў калёнію пракуратура зрабіла Аляксандру Казуліну “выключэньне”, пра якое распавёў адвакат Ігар Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) “Толькі што з пракуратуры атрымаў ліст, што Казуліну, цытую, “у парадку выключэньня” далі магчымасьць атрымаць копіі на адказы з пракуратуры. Аказваецца, гэта яму аднаму з усіх вязьняў далі такую магчымасьць”.

Адвакат патлумачыў, пра якія дакумэнты ідзе гаворка. Гэта скаргі Аляксандра Казуліна на дзеяньні супрацоўнікаў спэцслужбаў супраць яго падчас затрыманьняў 2 і 25 сакавіка. Нагадаю, палітык сьцьвярджаў, што быў тады надзвычай жорстка зьбіты супрацоўнікамі “Алмазу” і нават называе іх прозьвішчы. Аднак хадайніцтвы прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці пракуратура адхіляла, а Казуліну нават не дазвалялі зрабіць копіі гэтых адказаў.

Супрацоўнікі адміністрацыі віцебскай калёніі не выключылі, што Аляксандр Казулін атрымае працу ў бібліятэцы гэтай установы і нават згадалі, што раней у бібліятэцы працаваў былы дэпутат Сяргей Скрабец. Ён зь вясны гэтага году адбывае пакараньне ў “Віцьбе-3”.

Згадаем апазыцыянэраў, якія адбываюць “хімію” за сваю палітычную актыўнасьць: гэта Павал Севярынец, Артур Фінькевіч, Андрэй Клімаў, Мікалай Статкевіч. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч паведаміў, што пасьля пераводу з Баранавічаў у вёску Блонь Пухавіцкага раёну ў яго не было ніводнага выходнага дня – у мясцовай гаспадарцы “Індустрыя”, дзе ён працуе, штодня для яго знаходзяць працу: альбо рамантаваць тэхніку, альбо выносіць сьмецьце з канторы, альбо будаваць загоны для жывёлы. Палітык падзяліўся сваімі назіраньнямі пра справы ў гаспадарцы.

(Статкевіч: ) “Хаця гэтая гаспадарка – адна з лепшых, але сумнае ўражаньне. Сумнае ўражаньне і пра сельскую гаспадарку цалкам. Яна ператварылася ў суцэльную пацёмкінскую вёску. Добра абрабляюць палі толькі ўздоўж асфальтавых дарог, а дзе вока начальства ня бачыць, усё зарастае травой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG