Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: прыхільнікі А.Мілінкевіча падалі заяўку на мітынг


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Па дазвол на агульнагарадзкі мітынг у гарвыканкам зьвярнуліся кіраўнік аршанскага штабу экс-кандыдата на прэзыдэнта Васіль Леўчанкаў і старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Алесь Шутаў.

Паводле Алеся Шутава, мітынг вырашана правесьці ў адмыслова вызначаным гарвыканкамам месцы, а таму арганізатары маюць пэўную надзею на станоўчае рашэньне ўладаў.

(Шутаў: ) “Падалі заяўку на 30-га верасьня, папрасілі дазволу правесьці мітынг на гарадзкім стадыёне, дзе рашэньнем гарвыканкаму абранае месца для мітынгаў. Гэта будзе мітынг па абмеркаваньне сацыяльна-эканамічнага і палітычнага становішча ў краіне і ў горадзе – такая вось фармулёўка. Мы запрасілі да ўдзелу Аляксандра Мілінкевіча, калі гэты мітынг дазволяць.Магчымы варыянт, што дазволяць, і магчымы варыянт, што не. Тады ўжо будзем пра далейшае меркаваць у залежнасьці ад гэтага”.

Нагадаем, што мінулая сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам у Воршы праходзілі ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Пасьля яе кіраўнік аршанскага штабу экс-кандыдата на прэзыдэнта Васіль Леўчанкаў быў асуджаны на 7 сутак за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Пасьля публічнага выступу на сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам яшчэ адзін жыхар Воршы, колішні лідэр рабочага руху Мікалай Разумаў быў асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі – ён выказаў меркаваньне, што спадар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. Цяпер Мікалай Разумаў чакае, калі будзе вызначанае месца, дзе яму належыць адбываць пакараньне – тры гады так званай “хіміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG