Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (16.09-22.09.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Я падышоў да аднаго намэнклятурнага камуніста, нашага ворага, я бачыў, што ён галасаваў "супраць". Узяў яго за руку і, гледзячы ў вочы, сказаў: "Я Вас вельмі прашу, прагаласуйце за Сьцяг, дзеля нашай будучыні. Мы ж – беларусы!". Ён быў ашаломлены. Але гэта быў прыстойны чалавек, і ён сказаў: "Добра. Я прагаласую". І прагаласаваў. Трэба было набраць 231 голас. І калі на табло зьявілася лічба 231, я страціў прытомнасьць. Я проста ўпаў на стол галавой”.

Старшыня Апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня Зянон Пазьняк – аб прыняцьці “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцягу ў якасьці дзяржаўных сымбаляў.

“Нягледзячы на тое, што ў нас спачатку проста сканфіскавалі гук,— усё ж такі потым яго вярнулі”.

Моладзевы актывіст Павал Юшкевіч, адзін з заяўнікаў “Джансавага фэсту” – аб хадзе акцыі

“Другія пайшлі, пачуўшы заклік да змаганьня, да яднаньня, убачылі, што Мілінкевіч тут, нікуды ня зьехаў, ні ў якую Польшчу, што выcтупае ён разам зь Лябедзькам, і, значыць, ніякіх расколаў у кааліцыі няма”.

Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч, адзін з заяўнікаў “Джынсавага фэсту” – аб выніках акцыі.

“Калі б гэтага аб’яднаньня не адбылося, мае бацькі маглі б не сустрэць адзін аднаго”.

Мянчанка ў адказ на пытаньне “Свабоды” аб значэньні далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе.

“Нікуды ня выкінуць з гісторыі беларускай дзяржавы першага прэзыдэнта, але я веру, што ніводная вуліца нашай краіны ніколі не будзе насіць ягонага імя”.

Філёзаф Валянцін Акудовіч – у перадачы “Свабоды” “У што я веру”.

“Ведаеце, мне здаецца, што тут добра жыць, калі ў вас няма амбіцыяў”.

Малады мянчук – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Які месячны заробак задаволіў бы вашыя патрэбы?”

“Я вельмі задаволены, што яна цяпер не дзяржаўная. Якая дзяржава – такая і сымболіка. Гэта ня тыя людзі, каб карыстацца такой сымболікай. Яны са сваёй сымболікай адыдуць у гісторыю”.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў – пра герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг.

“Эўропа, Злучаныя Штаты зьбіраюцца ўводзіць санкцыі. Мая пазыцыя цьвёрдая — эканамічыя санкцыі — не, палітычныя — так”.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч – аб выніках свайго візыту ў Фінляндыю.

“Канешне, менавіта гэты сюжэт ня мае да дэмаграфічнай сытуацыі наўпроставых адносінаў, але любы бум нараджальнасьці грунтуецца на сэксуальнай рэвалюцыі”.

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі – аб здымках гомасэксуальнага акту з удзелам латвійскага дыплячмата, паказаных па БТ.

“Магчыма, гісторыя так пажартавала з Лукашэнкам, прымусіўшы бараніць ненавісную яму незалежнасьць”.

Рэдактар газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч – падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце “Свабоды”.

“Ён сказаў, што гатовы ахвяраваць сабой, калі гэта паслужыць каталізатарам зьменаў”.

Ігар Рынкевіч, адвакат Аляксандра Казуліна – пра намер былога кандыдата на прэзыдэнта абвесьціць галадоўку з 20 кастрычніка.

“Размова ідзе пра зьмяненьне тэматыкі часопісу. Рэч ня ў нейкіх канкрэтных публікацыях, якія адносіны мы да іх маем? Мы не цэнзурны орган”.

Памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў – пра прыпыненьне міністэрствам на 3 месяцы выхаду часопісу “ARCHE-Пачатак”.

“Народ баіцца пераменаў. Навошта перамены, калі й зараз можна жыць. Ня вельмі добра, але ж можна. А калі зараз нешта зьменіцца, то яшчэ невядома, у які бок”.

Мянчук у адказ на пытаньне “Свабоды” “Чаму людзі ня ходзяць на вулічныя акцыі апазыцыі?”

“Мяне ня першы раз судзілі пры лукашэнкаўскім рэжыме. Але я ганаруся тым, што мяне заўсёды асуджалі незаконна”.

Палітык Вячаслаў Сіўчык – пасьля адбыцьця 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

“Для мяне асабліва памятная і ўражвальная была адна леташняя перадача, у якой Валер удзельнічаў па тэлефоне, знаходзячыся пад кропельніцай падчас хіміятэрапіі”.

Аглядальнік “Свабоды” Валер Карбалевіч – пра эканаміста Валера Дашкевіча, які 22 верасьня памёр ад цяжкой хваробы.

“Людзям я ня веру. Я веру сабе”.

Пісьменьнік Адам Глёбус – у перадачы “Свабоды” “У што я веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG