Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўбаса за 2-20


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У краме – не прадыхнуць! Пахне нейкай гнілізнай, людзкім потам, танным “Шыпрам”. На атрутна-зялёнай сьцяне вісіць схема разьбіраньня тушы. Туша нагадвае відарысы Грузінскай ССР. Саміх туш – ні цэлых, ні разабраных – не назіраецца. Паліцы пустыя. Адно з абеду выкінулі вараную каўбасу па 2-20, і добрая сотня чалавек душыцца ля мяснога аддзелу.

“Женщина, уйдите!” – прамаўляе інтэлігентка ў зьбітым набакір капялюшыку, і цётухна ў вязанай махеравай шапцы хуткагаворкай адказвае: “Я занімала вочарадзь”. “Ганіце яе, трэці раз займае!” – гарлаюць ззаду. “Гэнаму ня ўзважвайце! Улез без чаргі!” – гукае, ужо ля самых вагаў, старая порхаўка, спрабуючы адсунуць убок свайго аднагодка – мужчыну з ордэнскімі калодкамі на пінжаку. “Па чатырыста грамаў давайце!” – далятае з канца чаргі, і ўстурбавана-ваяўнічых людзей, што сабраліся ў краме, мірыць прадавачка. Яна крычыць касірцы: “Маша, больш не выбівай!”

Брэжнеўскай парой савецкі соцыюм вярнуўся ў паганскія часы, стварыўшы сабе фэтыш фалічнай формы. Ім стала палка варанай каўбасы за 2-20. Яна была заўсёды ў дэфіцыце, і па каўбасу ехалі ў далёкі сьвет: у Вільню, Рыгу, Талін. І нездарма “Чайка” – фірмовы цягнік, які лучыў Менск з Талінам і з усімі згаданымі гарадамі, менаваўся “каўбасным экспрэсам”. І, выкульваючыся зь цягніка, прыціснуўшы пад пахай ужо ладна пратухлую каўбасіну, жонкі захоплена паведамлялі мужам, якія сустракалі іх на вакзале: “Божухна! Чаго толькі там няма?! І “доктарская”, і “чайная”, і сасіскі па 2-10!”

У выпадку з каўбасой форма рашуча пераважала над сутнасьцю. Людзей мала цікавіла: з чаго яна зробленая. Між тым мяса ў каўбасе пасьпяхова замянілі крухмал, цэлюлёза і штучныя фарбавальнікі. А таму нават галодны сабака, нюхнуўшы кінутае яму каўбаснае колца, адмаўляўся ад пачастунку і незадаволена чмыхаў. Распавядалі, што работнікі мясакамбінатаў, пабачыўшы – з чаго робіцца згаданы прадукт, рашуча выключалі каўбасныя вырабы з рацыёну.

Каўбаса ўвайшла і ў народны фальклёр. Распавядалі, у прыватнасьці, показку як амэрыканскі прэзыдэнт Ніксан, завітаўшы ў 1972 годзе ў Менск, набыў 300 грамаў лівэрнай каўбасы. Спакусіўся танным коштам, і вырашыў наладзіць вытворчасьць лівэркі на радзіме. Здаў прадукт у лябараторыю і атрымаў адказ: “У вашым кале яйкі глістоў ня выяўлены”.

Сёньня пакупнікам прапануецца шырокі асартымэнт вараных каўбас. Каўбасой яны, аднак, ня пахнуць, і сабакі іх таксама не ядуць. Шкада, памёр Рычард Мілхаўз Ніксан, і няма каму спраўдзіць іхнае зьмесьціва.
XS
SM
MD
LG