Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць менчукі пра лёс Вікі Мароз?


Вячаслаў Кулік, Менск Беларусь прыпыніла выезд дзяцей на аздараўленьне ў Італію. Гэтае рашэньне закране 25 тысяч непаўналетніх беларусаў, якія штогоду выяжджалі ў гэтую краіну на аздараўленьне. Што кажуць жыхары Менску пра магчымы лёс Вікі Мароз?

(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, павінна Віка Мароз застацца ў Італіі альбо вярнуцца дамоў? Якое выйсьце з гэтай сытуацыі?”

(Першая спадарыня: ) “Я ня ведаю, ці займаюцца ўжо гэтым праваахоўныя органы, але мяркую, што гэта якраз той выпадак. Гэта юрыдычным шляхам мусіць вырашацца. На бытавым узроўні — які сэнс? Вось я зараз скажу: так, няхай яна там застаецца. Ці: так, няхай вяртаецца. Я яе ня ведаю. Я яе ня бачыла. Я супраць таго, каб такія пытаньні вырашаліся ўвогуле на ўзроўні масавай сьвядомасьці”.

(Першы спадар: ) “Вядома, дзіцяці лепш за ўсё быць з бацькамі, каб хто-небудзь пра яго клапаціўся. Лепш на радзіме”.

(Другая спадарыня: ) “Калі ў яе няма бацькоў, то трэба рабіць найлепш для дзіцяці. Калі ёй добра ў Італіі, няхай застаецца там”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Тут яе радзіма. Трэба абавязкова вярнуцца дамоў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці павінна Віка Мароз застацца ў Італіі? Ці мусіць вярнуцца дамоў?”

(Чацьвертая спадарыня: ) “Калі ёй там добра, то яна павінна застацца ў Італіі”.

(Пятая спадарыня: ) “Я працавала з такімі дзецьмі. Нічога добрага не атрымаецца, калі яна застанецца ў дзіцячым доме, а ня там — у сям’і”.

(Другі спадар: ) “Трэба паслухаць яе і зразумець, дзе яна хоча быць. Калі яна тут не жадае жыць — то, вядома, навошта везьці”.

(Трэці спадар: ) “У нас ёсьць пляменьніца. Бацькоў у яе няма. Маці памерла, а бацька кінуў — яго пазбавілі правоў. Дзяўчынка расьце ў дзіцячым доме. І вось яна таксама езьдзіць у Італію. Сёлета была ўлетку і паедзе зімою. Таксама жадае там застацца. Італьянцы задаволеныя, яны лічаць, што ў іх ёй будзе лепей. Таму я лічу, што калі ёй там добра, то няхай яна застаецца там”.

(Шостая спадарыня: ) “Я мяркую, што нічога добрага яе тут не чакае. За мяжой ёй будзе лепш, тым больш, што ёй цяпер шмат людзей дапамагаюць. Няхай застаецца”.

(Сёмая спадарыня: ) “Як мне падаецца, павінна быць створаная адпаведная група, якая магла б туды паехаць, пабачыць усё, пагутарыць зь дзіцем. Напэўна, дзяўчынка можа выкласьці сваю пазыцыю, няхай нават дзіцячую. І тады ўжо вырашаць па факце. Нават магчымая пэўная праца дзіцячага псыхоляга, каб ад дзіцяці пачуць праўду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG