Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Валеры Дашкевіч (фота з пахаваньня)


Валер Каліноўскі, Менск Вянок памяці — новая перадача "Свабоды" Учора ўвечары заўчасна памёр вядомы беларускі эканаміст, спэцыяліст у галіне банкаўскай справы Валеры Дашкевіч. Яму было 57 гадоў. У свой час працаваў памочнікам старшыні Нацбанку Беларусі, выканаўчым дырэктарам “Белгазпрамбанку”. Быў аўтарам многіх кніг і аналітычных артыкулаў на эканамічную тэму, а таксама шматгадовым экспэртам Радыё Свабода і ўдзельнікам нашых перадачаў. Апошні год Валеры Дашкевіч з-за цяжкай хваробы афіцыйна нідзе не працаваў. Але працягваў супрацоўнічаць са сваім былым банкам, зь незалежнай прэсай і апазыцыйнымі партыямі.

У гэты час ж выйшла ягоная кніга “Энэргетычная залежнасьць Беларусі: наступствы для эканомікі й грамадзтва”. У свой час Валеры Дашкевіч працаваў памочнікам старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча — у пэрыяд станаўленьня нацыянальнай валюты й фінансавай сыстэмы напачатку рынкавых пераўтварэньняў. Гаворыць Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Мяркую, што ягоная роля была важная ў першаснай стабілізацыі нацыянальнай валюты, ён удзельнічаў ва ўвядзеньні нацыянальнай валюты Беларусі, у перамозе над інфляцыяй, стабілізацыі абменнага курсу”.

Станіслаў Багданкевіч зазначае, што Валеры Дашкевіч пасьля сыходу з Нацбанку стаў буйным эканамістам, крытычна ацэньваў эканамічную палітыку дзяржавы. Да спадара Дашкевіча прыслухоўваліся і ва ўрадавых структурах і ў апазыцыі. У часе апошняй выбарчай кампаніі Валеры Дашкевіч удзельнічаў у працы Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў, рыхтаваў эканамічную парграму кандыдата ад апазыцыі.

Сацыёляг Алег Манаеў шмат супрацоўнічаў з Валерыем Дашкевічам, разам яны напісалі некалькі кніг. Спадар Манаеў адзначае заслугі Дашкевіча ў фармаваньні фінансава-эканамічнай палітыкі дзяржавы ў першай палове 1990-х і лічыць яго адным з найлепшых аналітыкаў у гэтай галіне. Апрача таго, спадар Манаеў ацэньвае Дашкевіча як сьмелага і мужнага чалавека, які ўсьведамляў, што мае невылечную хваробу:

(Манаеў: ) “Нягледзячы на той меч, які вісеў над ім, ён усе гэтыя тры гады працаваў і працаваў, ён хадзіў на ўсялякія сустрэчы, часта прыходзіў у рэдакцыю “Белорусского рынка”, дзе ён быў сталым аўтарам. Уявіце сабе: у такім стане ён працягваў працаваць, рабіць свой унёсак”.

Актыўна супрацоўнічаў Валеры Дашкевіч і з Радыё Свабода, апошні раз ягоны голас гучаў у “Экспэртызе Свабоды” 30 чэрвеня, дзе ён разважаў над тым, ці можна чакаць эканамічнай лібэралізацыі”:

(Дашкевіч: ) “Чужую эканамічную мадэль увогуле паўтарыць немагчыма. Напрыклад, японская мадэль, якая грымела ў 60—70-я гады мінулага стагодзьдзя, нідзе больш не прыжылася. Гэта па-першае. Па-другое, пачатак буйных інвэстыцыяў у Кітаі далі “хуацяо” — этнічныя кітайцы замежжа, сярод якіх шмат багатых людзей. У нас няма багатых беларусаў за мяжой. Акрамя таго, беларуская эканамічная мадэль ніколі не распрацоўвалася сьвядома паводле нейкага пляну, а склалася стыхійна, як вынік рэагаваньня ўлады на бягучыя выклікі”.

Аўтар “Экспэртызы Свабоды”, аналітык нашага радыё Валер Карбалевіч апавядае пра вельмі плённае супрацоўніцтва з Дашкевічам. Нават апошнім часам, нягледзячы на цяжкую хваробу:

(Карбалевіч) “Валеры Дашкевіч быў, на мой погляд, найлепшым эканамістам Беларусі. Ён меў глыбокія, грунтоўныя веды ў розных сфэрах, а ў валютна-фінансавай галіне ўвогуле быў унікальным экспэртам. Таксама быў вельмі дасьведчаны ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у газавых пытаньнях. Але, акрамя таго, Валер валодаў рэдкім талентам — коратка, ёміста, простымі словамі растлумачыць любую складаную эканамічную праблему. У гэтым сэнсе ён быў знаходкай для журналістаў.

Для мяне асабліва памятная і ўражвальная была адна леташняя перадача, у якой Валер удзельнічаў па тэлефоне, знаходзячыся пад кропельніцай падчас хіміятэрапіі.

У Валера Дашкевіча засталіся жонка й дарослая дачка.











XS
SM
MD
LG