Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Голас прадпрымальніка павінен быць у палітрадзе”


Міхал Стэльмак, Менск Дробныя прадпрымальнікі падтрымліваюць ініцыятыву далучэньня да аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У чацьвер канфэрэнцыя бізнэсоўцаў ухваліла ўваходжаньне сваіх каардынатараў у Палітычную раду.

Гаворыць старшыня рэспубліканскай каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Анатоль Зьмітровіч:

(Зьмітровіч: ) “Прайшоў нейкі час пасьля выбараў. Улада думала, што прадпрымальнікі дэпалітызуюцца і зь імі робяць, што заўгодна. Пазбаўляюць іх магчымасьці займацца дзейнасьцю зь некаторымі відамі тавару. Зноў узяліся за парфуму й касмэтыку, пачалі заганяць у мікрапрадпрыемствы. Нельга гэта спыніць эканамічнымі мэтадамі”.

Паводле спадара Зьмітровіча, цяпер у чыноўніцкіх кабінэтах распрацоўваюцца дакумэнты, якія прадугледжваюць пагаршэньне ўмоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці. На рынках праходзяць масавыя праверкі дробных бізнэсоўцаў з канфіскацыяй тавараў і штрафнымі санкцыямі. У рэзалюцыі прадпрымальніцкай канфэрэнцыі гаворыцца пра неабходнасьць актыўнага ўдзелу ў грамадзка-палітычным жыцьці. Была ўхваленая ініцыятыва мець сваіх дэлегатаў у палітычнай радзе аб’яднаных дэмакратычных сіл.

(Макаеў: ) “Голас прадпрымальніка, я лічу, павінен быць і ў палітрадзе, бо прадпрымальнікі займаюцца палітыкай. То бок ёсьць неабходнасьць выступіць, данесьці пазыцыю прадпрымальнікаў па тых ці іншых пытаньнях эканамічных, палітычных, іншых аспэктах жыцьця беларускага грамадзтва”.

Мяркуе старшыня каардынацыйнай рады сталічных прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў. Паводле актывіста прадпрымальніцкага руху Ігара Ледніка, бізнэсоўцам ёсьць што абмяркоўваць на паседжаньнях палітрады:

(Леднік: ) “Рэкамэндацыі, як ўдзельнічаць у выбарах, наша стратэгія, наш уплыў на прыняцьцё рашэньняў палітычнымі партыямі ў агульнай стратэгіі па выбарах. Вось гэтыя праблемы мы й будзем сумесна з партыямі вырашаць”.

Спадары Макаеў й Леднік будуць прадстаўляць бізнэсоўцаў у палітрадзе. Камэнтуе сябра рады, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Прыватныя прадпрымальнікі – пэрспэктыўныя ў палітычным пляне. Я горача вітаю іх імкненьне далучыцца да аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мы будзем абмяркоўваць усе ключавыя пытаньні. Мы будзем разам абмяркоўваць плятформу, зь якой ідзем да людзей цяпер – падчас мясцовай кампаніі. Ня выбараў, а менавіта кампаніі. І наша галоўная сіла ў салідарнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG