Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: чакаем, што Італія выканае судовыя рашэньні


Радыё Свабода Сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі адказаў на пытаньне нашага радыё наконт лёсу выхаванкі Вялейскага дзіцячага дому Вікі Мароз. Нагадаем, што жыхары мястэчка Кагалета, што пад Генуяй, Аляксандар Джуста і Марыя Барначын некалькі апошніх гадоў прымалі ў сябе дома Віку. Сёлета яны адмовіліся вяртаць дзяўчынку на радзіму, паколькі лічаць, што ў Вялейцы дзяўчынка церпіць фізычны і псыхалягічны гвалт.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сёньня адзначыў, што пазыцыя міністэрства ў гэтай справе застаецца нязьменнай:

(Папоў: ) “Пакуль што ніякіх новых камэнтароў, адрозных ад тых, што мы давалі ўчора, у нас няма. І не таму, што мы ня хочам дзяліцца імі з грамадзкасьцю. Іх папросту няма. Як і раней, мы зыходзім з таго, што Італія, як прававая дзяржава, будзе безумоўна выконваць без усялякіх папярэдніх умоваў рашэньні судовых органаў гэтай краіны. Мы чакаем менавіта такіх дзеяньняў з боку італьянскіх уладаў”.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС таксама дадаў, што гэтая пазыцыя беларускага боку неаднойчы даводзілася італьянскім уладам. Андрэй Папоў згадаў, што напярэдадні амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко на прэсавай канфэрэнцыі для італьянскіх мэдыяў і грамадзкасьці выказаў шкадаваньне, што ніякай дакладнай інфармацыі, акрамя вусных запэўніваньняў італьянскіх уладаў, што дзяўчынка жывая і здаровая, беларускі бок ня мае.

Прэсавы сакратар МЗС падкрэсьліў, што беларускі бок будзе дзейнічаць выключна ў рамках міжнароднага права і міжнароднай практыкі, а таксама беларуска-італьянскіх двухбаковых дамоўленасьцяў.

У амбасадзе Італіі ў Беларусі паабяцалі, што заўтра амбасадар адкажа на пытаньні нашага радыё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG