Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор Генуі запатрабаваў неадкладна выдаць беларускаму боку Віку Мароз


Радыё Свабода Паводле апошняй інфармацыі, на заўтра прымеркаваная сустрэча адказных супрацоўнікаў МЗС Італіі і амбасадара Беларусі ў Рыме Аляксея Скрыпко.

Сёньня стала вядома, што пракурор італьянскага гораду Генуя запатрабаваў ад сямейнай пары Джуста—Барначын неадкладна вярнуць Віку Мароз беларускаму боку.

Яшчэ раніцай пракуратура Генуі аспрэчвала фармулёўку “выкраданьне Вікі Мароз”, якая ўтрымлівалася ў ноце афіцыйнага Менску да МЗС Італіі. Раней італьянскі бок успрымаў сытуацыю як “ізаляцыю непаўналетняй дзяўчынкі, зь яе ж уласнай згоды, ад небясьпечнай для яе атмасфэры”. Як сьцьвярджала пракуратура, у гэтай сытуацыі італьянцы на тэрыторыі сваёй краіны маюць права дзейнічаць гэткім чынам. Больш за тое, яны адказваюць за бясьпеку непаўнагадовай.

Як вынікае з апошняй заявы мужа й жонкі Алесандра Джуста і Марыя Барначын для мясцовай прэсы, яны “не зьбіраюцца аддаваць дзяўчынку нікому”.

Італьянскія журналісты, а таксама карэспандэнты замежных СМІ ў Італіі называюць драматызацыяй падзеяў некаторыя выказваньні беларускага амбасадара Аляксея Скрыпко ў часе апошняй прэсавай канфэрэнцыі. Так, спадар Скрыпко сказаў, што беларускі бок мае толькі вусныя запэўніваньні наконт таго, што дзяўчынка жывая і здаровая.

Гаворыць нямецкі журналіст Міхаэль Браўн, які піша пра гэтую гісторыю:

(Браўн: ) “У мяне ёсьць небеспадстаўнае меркаваньне, што італьянскія ўлады ведаюць і пра стан здароўя дзяўчынкі, і пра яе месцазнаходжаньне. Гэта непатрэбная драматызацыя сытуацыі, і для яе няма падставаў”.

Італьянскія парлямэнтары выказалі пратэст з нагоды апошняй заявы пракурора Генуі. Напярэдадні яны перадалі ў мясцовы суд экспэртызу вядучага псыхіятра Італіі Джавані Балея, які сьцьвярджаў, што беларускай дзяўчынцы з-за яе псыхічнага стану нельга вяртацца ў атмасфэру інтэрнату.

Італьянская прэса зьмяшчае на сваіх старонках рэакцыю шматлікіх мясцовых няўрадавых арганізацыяў. Асацыяцыя “Сябры дзяцей” сьцьвярджае, што для сіротаў усынаўленьне нашмат важнейшае за традыцыйнае аздараўленьне. “Вяртаньне сіротаў зь цёплай сямейнай атмасфэры ў абстаноўку інтэрнату мае небясьпечныя наступствы для дзіцячай псыхікі”, — лічаць прадстаўнікі “Сяброў дзяцей”.

Яшчэ адна мясцовая асацыяцыя “Дапамажы нам — дапаможам вам” зьвярнулася днямі да беларускай амбасады ў Рыме ў зьвязку з магчымым закрыцьцём чарнобыльскіх дзіцячых праграмаў у Італіі. “Такім чынам беларуская дзяржава пакарае тых, хто прымае беларускіх дзяцей у адпаведнасьці з законамі Беларусі”, — гаворыцца ў заяве асацыяцыі.

Сёньня ж прадстаўнікі некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў заклікалі суайчыньнікаў падтрымаць пазыцыю беларускага боку й сабрацца а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу ля будынку беларускай амбасады ў Рыме. Пра гэта паведамляецца на сайце belarus.it
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG