Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Карпенка напіша кнігу пра свайго мужа


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы за 21 верасьня

“Народная воля” друкуе сёньня адкрыты ліст групы вядомых беларускіх сацыёлягаў адносна праекту новага закону аб апытаньнях грамадзкага меркаваньня. Навукоўцы перакананыя: “Дадзены закон мае на мэце паставіць пад поўны кантроль дзяржаўнай улады як вывучэньне грамадзкага меркаваньня так і публікацыю яго вынікаў”.

Таксама “Народная воля” паведамляе, што новае беларускае тэлебачаньне ў замежжы ў хуткім часе пачне вяшчаньне на Беларусь. Газэта ўдакладняе, што ўжо вядзецца падрыхтоўка першай групы карэспандэнтаў у складзе 12 чалавек.

У інтэрвію газэце “Народная воля” Людміла Карпенка заявіла, што напіша кнігу ўспамінаў пра свайго мужа -- намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзя Карпенку. У адказах на іншыя пытаньні выданьня суразмоўніца паведамляе новыя факты пра жыцьцё ў эміграцыі, працу і вучобу сваіх дзяцей.

Яшчэ ў сьвежым нумары “Народнай волі” – запіскі дыплямата і палітыка Пятра Краўчанкі. Таксама паведамляюцца падрабязнасьці да крымінальнай справы ў дачыненьнi былога першага намесьнiка начальнiка ўпраўленьня па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi МУС палкоўнiка Iвана Клiмянкова.

Журналістам тыднёвіка “Ганцавіцкі час” стала вядома, што дэпутаты мясцовага райсавету і старшыні сельсаветаў былі выкліканыя на тэрміновую сэсію райсавету. Як тлумачыць рэдактар незалежнага выданьня Пятро Гузаеўскі, на месцы заўчасна распачынаюць падрыхтоўку да мясцовых выбараў:

(Гузаеўскі: ) “Чаму сэсія пазачарговая? У калгасах жа цяпер шмат працы... А яны ўжо дзеляць акругі. Дарэчы, як мне паведамілі, старшыня райвыканкаму загадаў чыноўнікам: “Уважліва падыдзіце да выбару кандыдатураў!”

І навіна баранавіцкай газэты “Інфо-курьер” пра заплянаваны на суботу першы зь дзевяці восеньскіх рэгіянальных кірмашоў. Журналісты даведаліся пра кошты, вышэй за якія нельга прадаваць сельгаспрадукцыю. У прыватнасьці, кіляграм бульбы – 600 рублёў, цыбуля – адна тысяча, агуркі – тры. Выданьня канстатуе, што сёлета кошты амаль напалову вышэйшыя, чым годам раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG