Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Вікі Мароз застаецца няпэўным


Радыё Свабода Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала МЗС Італіі ноту, у якой кваліфікуе дзеяньні італьянскай сям’і Джуста—Барначын як “сьвядомае выкраданьне дзіцяці”. Беларускі амбасадар Аляксей Скрыпко чакае цяпер адказу на гэтую заяву. Паводле назіральнікаў, справа выйшла на міждзяржаўны ўзровень.

Нагадаем, што жыхары мястэчка Кагалета, што пад Генуяй, Аляксандар Джуста і Марыя Барначын некалькі апошніх гадоў прымалі ў сябе дома выхаванку Вілейскага дзіцячага дому Віку Мароз. Сёлета яны адмовіліся вяртаць дзяўчынку на радзіму. Сям’я праігнаравала й адпаведны ўльтыматум беларускай амбасады ў Рыме. Учорашнія кампрамісныя перамовы паміж прадстаўнікамі італьянскага міністэрства юстыцыі і адвакатамі гэтай сям’і ня мелі плёну.

Аляксандар Джуста і Марыя Барначын па-ранейшаму заяўляюць, што дзяўчынка хоча назаўсёды застацца ў іхным доме, а яны не зьбіраюцца парушаць дадзеных ёй абяцаньняў.

Каталіцкі сьвятар і дырэктар Беларускай службы Радыё Ватыкан айцец Клаўдзі ў размове са “Свабодай” паведаміў:

(а.Клаўдзі: ) “Яны сказалі, што дзяўчынка адчувае сябе вельмі добра й спакойна. Яна ўдзячная сваім прыёмным бацькам. Яны таксама зьбіраюцца апэляваць у Брусэль, у Эўракамісію. Пра сваю падтрымку сям’і выказаўся арцыбіскуп Генуі. Паводле ягоных словаў, царква прызнае міжнароднае права, аднак у канкрэтным выпадку прыярытэты за інтарэсамі дзяўчынкі, павагай да асобы чалавека”.

Учора ў Кагалета зноў адбылася грамадзянская акцыя ў падтрымку выхаванкі Вялейскага дзіцячага дому. У акцыі ўзяла ўдзел тысяча чалавек. Людзі трымалі ў руках плякаты і сьвечкі. Прадстаўнік мясцовага муніцыпалітэту заклікаў да салідарнасьці з тымі, хто стаў для сіраты сапраўднымі мамай і татам.

Рымскі карэспандэнт газэты “Die Tageszeitung” Міхаэль Браўн, які піша пра гэтую справу, гаворыць:

(Браўн: ) “Падтрымка дзеяньняў гэтай сям’і з боку жыхароў Кагалета — на ўсе сто адсоткаў. Тое ж самае можна сказаць і пра ўсю правінцыю. Я маю на ўвазе як грамадзкі, так і палітычны ўзровень. Калі ж гаварыць пра іншыя рэгіёны Італіі, то тут меркаваньні падзяліліся. Шмат крытыкі можна чуць з боку тых арганізацыяў, якія займаюцца міжнародным усынаўленьнем. Яны кажуць, што калі бацькі ня зьменяць свайго рашэньня, то ўсім астатнім прыйдзецца забыцца пра ўсынаўленьне дзяцей зь Беларусі”.

Паводле назіральнікаў, сытуацыя зь беларускай сіратой зайшла ў тупік. Адзінай інстанцыяй у Італіі, якая здольная яе вырашыць, ёсьць генуэскі суд. Нейкіх фармальных падставаў, каб пакінуць дзяўчынку ў Італіі, няма. За выключэньнем, бадай, адной: калі суд вырашыць, што вяртаньне ў Беларусь можа прынесьці шкоду дзяўчынцы, і што фізычны і асабліва псыхічны стан Вікі Мароз не дазваляе ёй вяртацца на радзіму.

Гл.таксама: У Італіі прайшла дэманстрацыя ў падтрымку Вікі Мароз (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG