Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Садоўскі: “Гэта быў самы радасны момант у жыцьці”


Радыё Свабода 19 верасьня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету была прынятая новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацьверджаныя дзяржаўныя сымбалі — герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Пятро Садоўскі згадаў: "Тады ўсе былі ўзрушаныя. Я, па-мойму, таксама плакаў. Вы ведаеце гэта было вялікае шчасьце. Ад радасьці неяк сэрца ажно аж да горла дайшло".

Пятро Садоўскі згадвае сярод іншых і выступ Георгія Таразевіча, былога Старшыні Прэзыдыюму ВС БССР.

(Садоўскі: ) “Я памятаю, быў бліскучы даклад Ніла Гілевіча, але ён быў напорысты, без уліку аўдыторыі, якая сядзела. Ён неяк насьцярожыў, уздыбіў Вярхоўны Савет. І тады выступіў Платонаў, трошкі ўсё пагасла. А потым выступіў Таразевіч — і на мове, зразумелай намэнклятуры, давёў гістарычнае значэньне сымболікі. А аўдыторыя разьмякла, і адбылося тое, што адбылося. Я думаю, трэба ўсім выказаць падзяку Георгію Таразевічу. Яго выступ быў надзвычай вялікі. Дарэчы, Булахаў паводзіў сябе даволі ляяльна і не шкодзіў прыняцьцю сымболікі. Ён тады якраз быў выступоўцам па гэтым пытаньні ад імя прэзыдыюму і пэўным чынам вёў паседжаньне…

Тады ўсе былі ўзрушаныя. Я, па-мойму, таксама плакаў. Вы ведаеце гэта было вялікае шчасьце. Ад радасьці неяк сэрца ажно аж да горла дайшло. Гэта быў самы радасны момант у маім жыцьці. Памятаю, мяне нехта ўссадзіў на плошчы на грузавік, радыёбудку, я пачаў сьпяваць (абсалютна з сэрца пайшло) песьню “А ў бары, бары тры дарожанькі”. І там апошняя страфа — “Выбіраў жаўнер трэцю сьцежачку, бо вяла яна ў родну межачку”.

І калі сьцяг рвалі гэтыя брудныя рукі Ціцянкова, я тады ўпершыню ўсім сэрцам адчуў, што значаць словы Багдановіча: “Каб вы чулі, як сэрца начамі па радзімай старонцы баліць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG