Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм''ера на нашым сайце - фотаспэктакль


Алена Ціхановіч, Прага Нацыянальны тэатр Чэхіі сёлетні сэзон адкрыў опэрай Ёзафа Мысьлівечка “Антыгона”. Опэра напісаная сучасьнікам Моцарта на італьянскае лібрэта і ўпершыню прыйшла на чэскую сцэну больш як праз два стагодзьдзі. Сцэнічнае вырашэньне, аднак, цалкам сучаснае. Вобраз галоўнага героя-тырана, яго асародзьдзе і атачэньне неадвязна нагадваюць нешта беларускае...

Глядзець фотаспэктакль

Дзея опэры разьвівае антычны сюжэт: гісторыя працягваецца прыблізна праз 15 гадоў пасьля заканчэньня дзейства Сафоклавай “Антыгоны”. У Фівах уладарыць тыран Крэонт, які загадаў фізычна ліквідаваць Антыгону, дачку цара Эдзіпа. Антыгону тады мусіў забіць яе муж, ён жа сын Крэонта – Эўрыстэй. Аднак той загад не выканаў – Антыгона была схаваная ў лесе. Праз 15 гадоў яна вяртаецца, каб адпомсьціць тырану Крэонту і вярнуць сабе, разам з мужам, трон.

Пра сучасную інсцэніроўку мы размаўляем з рэжысэрам Нацыянальнага тэатру Іржы Неквасілам: (Неквасіл:) “Гэты праект узьнік як сумесная праца з Камэрнай опэрай замку Рэйнсбэрг у Нямеччыне, дзе мастацкім кіраўніком зьяўляецца вядомы нямецкі кампазытар прафэсар Зігфрыд Матоз. Узьнікла ідэя стварыць сумесны праект для Года Моцарта, бо, як вядома, Мысьлівечак быў старэйшым сябрам Вольфганга Амадэа Моцарта. У карэспандэнцыі Моцарта знойдзем шмат успамінаў пра візыты да Мысьлівечка. Адметна і тое, што асобныя творы Мысьлівечка некаторы час памылкова прыпісваліся Моцарту.

Праект нам тым больш прыйшоўся дарэчы, бо адным з напрамкаў Нацыянальнага тэатра ёсьць вяртаньне на нашу сцэну забытых і напаўзабытых твораў чэскіх аўтараў. Опэра Мысьлівечка "Антыгона" мела прэм''еру ў Італіі ў канцы 18-га стагодзьдзя, а сучасныя прэм''еры адбыліся гэтым летам у Нямеччыне (Рэйнсбэрг) і ў Празе.

(Ціхановіч: ) “З нагоды вяртаньня спадчыны Мысьлівечка чэскаму гледачу Вы, напрыклад, маглі перакласьці італьянскае лібрэта на чэскую. Але Вы, разам са сцэнографам Даніэлам Дворжакам, пайшлі іншым шляхам. Вы гэты твор цалкам асучасьнілі...”

(Неквасіл: ) “Па-першае, праект, як я гаварыў, быў сумеснай чэска-нямецкай прадукцыяй. Па-другое, лібрэта, створанае італьянскім аўтарам у стылі барока на клясычных арыях, рэчытатывах, цяжка было перадаць па-чэску. Па-трэцяе, паглядзім пад абалонку гэтага антычнага сюжэту. Крэонт прыйшоў да моцы праз палітычнае забойства Антыгоны. Праз 15-20 гадоў уладараньня ён, падобна іншым тыранам, гатовы пайсьці нават на ірацыянальныя крокі, каб сваю уладу утрымаць. Так ён заклікае ў палац вястунку Антыопэ, якая павінна споўніць рытуалы дзеля яго ўмацаваньня, нібыта прадыктаваныя боскай воляй. Але ў вобразе Антыопэ да яго зьявіцца Антыгона... Уласна, гэта гісторыя агоніі таталітарнай моцы. Таму мы вырашылі не распавядаць гэты сюжэт у барочных касьцюмах, а прыдаць яму падабенства з нейкай ананімнай, неназванай сучаснай таталітарнай уладай”.

(Ціхановіч:) “Урэшце ў фінале перамагае Антыгона, вельмі падобная да Юліі Цімашэнкі. У Вашым уяўленьні яна – станоўчы герой?”

(Неквасіл: ) “Антыгона прыходзіць, каб помсьціць, каб забіць Крэонта і вярнуць уладу, якая , з аднаго боку, ёй належыць. Але застаецца пытаньне: ці будзе прыход Антыгоны прыходам нейкай лепшай улады, або гэта толькі зьмена і замена. Я думаю, наша “Антыгона” – гэта опэра без станоўчага героя”.

(Ціхановіч: ) “Дзе можна будзе яшчэ пабачыць сьпектакль?”

(Неквасіл: ) “Спэктакль узьнік у рамках свайго роду летняга праекту на згаданым ужо замку Рэйнсбэрг, што 90 кілямэтраў ад Бэрліну. Праект служыць для падтрымкі маладых сьпевакоў, якія прыяжджаюць з усяго сьвету. Так, у "Антыгоне" сустрэліся карэйская сапраністка зь нямецкімі салістамі, ролю Крэонта сьпяваў латыскі тэнар, з Чэхіі была толькі адна маладая сьпявачка. Цяпер яны ўсе разьехаліся і, верагодна, далейшых спэктакляў ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG