Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянцы хочуць дапамагчы беларускай дзяўчыне


Радыё Свабода Жыхары мястэчка Кагалета, што непадалёк ад Генуі, заявілі ўчора пра падтрымку сям’і Барначын у яе змаганьні за лёс беларускай дзяўчынкі Марыі. З гэтае нагоды ў мястэчку прайшла адмысловая акцыя. Ад пачатку 2003 году сям’я Барначын стала запрашае да сябе ў Італію 10-гадовую выхаванку вялейскага дзіцячага дому. Днямі муж і жонка выказаліся супраць вяртаньня дзяўчынкі назад у Беларусь.

Жыхары Кагалета стварылі адмысловую інтэрнэт-старонку “Дапаможам Марыі” aiutiamomaria.blogspot.com.

На сайце зьмешчаная інфармацыя пра вялейскую дзяўчынку ды праблемы іншых выхаванцаў беларускіх дзіцячых дамоваў.

Пра акцыю ў Кагалета расказвае каталіцкі сьвятар, кіраўнік беларускай службы Радыё Ватыкан айцец Клаўдзі:

(а. Клаўдзі: ) “Учора была вялікая грамадзянская акцыя, і настаяцель прыходу айцец Даніла Грыла ў часе крыжовай працэсіі сказаў, што дзеля гэтай дзяўчынкі ён гатовы абысьці закон і хаваць яе ў храме гэтак жа, як каталіцкія сьвятары хавалі габрэяў у часе Другой усясьветнай вайны, бо справа тычыцца выратаваньня жыцьця. Цяпер у Беларусі кажуць, што дзяўчынку прымушаюць гаварыць дрэнна пра свой інтэрнат, пра сваю краіну. Аднак я думаю, што гэта ня так. Прыёмных бацькоў Марыі падтрымлівае ўвесь гарадок”.

Супрацоўніца Радыё Ватыкан журналістка Алена Мартэцкая актыўна супрацоўнічае зь сябрамі італьянскага чарнобыльскага руху — тымі сем’ямі, якія рэгулярна запрашаюць да сябе на адпачынак беларускіх дзяцей-сіротаў.

(Мартэцкая: ) “Гэтаму дабрачыннаму руху ўжо больш за дзесяць гадоў. Мы тут добра бачым, зь якім добрым сэрцам ставяцца італьянцы да гэтых дзетак. І нашая беларуская суполка ў Італіі выступае за тое, каб гэтых беларускіх дзетак давалі ўсынаўляць. Чаму не аддаць гэтых дзяцей у добрыя рукі, калі ўсе гэтыя сем’і правераныя, калі вельмі пільна кантралююцца агенцыі, якія іх тут прымаюць? Чаму не стварыць для гэтых дзяцей умовы, каб яны не забываліся пра Беларусь?

Гэта было б вырашэньнем праблемы, калі б нашая беларуская амбасада, нашае консульства мела б нейкую культурную структуру, нейкія дзіцячыя садкі факультатыўныя, якія б выкладалі ў тым ліку беларускую мову і стваралі б для гэтых дзетак адпаведны культурніцкі асяродак, як гэта робяць тут прадстаўніцтвы Румыніі, Альбаніі.

Такім чынам, Беларусь вырошчвала б людзей, адданых ёй, карысных для яе, а не ўтрымлівала б няшчасных дзяцей у жудасных умовах. Будзем гаварыць праўду пра тое, што робіцца ва ўсіх сіроцкіх дамах ва ўсім сьвеце. Гвалт над дзецьмі адбываецца нават у каледжах для рафінаваных дзяцей у Кэмбрыджы. А тут дзіця будзе расьці ў сям’і”.

Паводле Алены Мартэцкай, звычайна такія дзеці, як Марыя, штогоду праводзяць у італьянскіх сем’ях пяць месяцаў.

(Мартэцкая: ) “Два месяцы ўзімку і тры месяцы летам. Потым дзетак вырываюць з абдымкаў сям’і, калі яны прызвычаіліся казаць гэтым людзям “мама”, “тата”, кідаюць у атмасфэру дзіцячых дамоў. Дзеці жывуць у дзьвюх супрацьлеглых рэальнасьцях. Гэта можа быць жудаснае раздваеньне асобы. І тут, зразумела, варта працаваць псыхолягам, наколькі патрэбнае для дзяцей такое штурханьне з адной рэчаіснасьці ў іншую. Калі канкрэтна па гэтай справе, то тут павінны працаваць адпаведныя юрыдычныя структуры. Трэба рабіць расьсьледаваньне ў гэтых сіроцкіх дамах”.

Тым часам жыхары мястэчка Кагалета заклікалі сваіх суграмадзянаў паўдзельнічаць у чарговай акцыі ў падтрымку беларускай дзяўчынкі Марыі. Яна мае адбыцца 19 верасьня на мясцовай плошчы Plazza della Chiesa.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG