Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Духоўную акадэмію будуюць на парэштках соцень людзей (фота)


Любоў Лунёва, Менск На будоўлі Духоўнай акадэміі, што на менскай вуліцы Гандлёвай, пасьля дажджу агаліліся парэшткі людзей. Археолягі мяркуюць, гэта парэшткі нямецкіх салдатаў і гараджанаў. Навукоўцы толькі назіраюць за землянымі работамі й прымаюць ад будаўнікоў знойдзеныя артэфакты: посуд, чарапкі. Будаўніцтва не спыняецца. Археалягічных раскопак ня будзе.

Будаўнікі паведамілі “Свабодзе”, што месца працы ім не падабаецца. Увесь час экскаватар кранае падмуркі дамоў, а ў зямлі парэшткі дзясяткаў людзей.

(Будаўнік: ) “Па костках катацца не цікава, а інакш не атрымліваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Шмат костак?”

(Будаўнік: ) “Мільён. Такога яшчэ не было… Пасьля дажджу прыяжджайце, самі ўбачыце. Відаць, хавалі людзей пасьля вайны, альбо ў часе вайны. Якія труны?! У кучу скінулі, дый усё. Ляжаць адзін на адным”.

Прараб Андрэй Савеня кіруе землянымі работамі. Ягоная брыгада першая заўважыла парэшткі.

(Савеня: ) “Каналізацыю капалі й раптам з адхону пасыпаліся косткі. Там былі элемэнты скуры — але не чалавечай, а ад ботаў, ад рамянёў. Археолягі нам прыпынілі працу, выклікалі камэндатуру. А на наступны дзень прыехалі салдаты. Самі праводзілі тут раскопкі ўручную. Налічылі каля 14 чалавек. Кажуць, было пахаваньне тут у часе вайны”.

Прараб Юры Гнедчык распавёў, што будаўнікам сапраўды цікава, што кажуць археолягі пра знаходкі, якія праляжалі ў культурным слоі некалькі стагодзьдзяў.

(Гнедчык: ) “Часткі посуду паказвалі і ХVІ, і XVII, і XIX стагодзьдзяў. Казалі пра рознае. Посуд, бутэлькі, чарачкі шкляныя, посуд знаходзілі… Цікава”.

Археолягаў, якія мусяць наглядаць за будаўніцтвам, сёньня на аб’екце я не засьпела.

Выкладчык катэдры археалёгіі Белдзяржунівэрсытэту Віктар Абухоўскі лічыць, што на месцы Верхняга гораду трэба правесьці археалягічныя раскопкі й толькі потым вырашаць пытаньне, ці патрэбнае будаўніцтва. У Менску, якому каля тысячы гадоў, няма археалягічнага помніка старажытнага гораду.

(Абухоўскі: ) “Павінны быць праведзеныя раскопкі. Заканадаўства беларускае сёньня такое, што, нягледзячы на тое, ці ў горадзе, ці за горадам, любая будоўля мусіць быць на папярэднім этапе ўзгодненая з археолягамі”.

Будаўніцтва Духоўнай акадэміі пачалося летась на месцы зруйнаванага будынку, у якім у студэнцкія гады жыў пісьменьнік Алесь Адамовіч. Некалькі разоў прадстаўнікі моладзевага дэмакратычнага руху і грамадзкія дзеячы стаялі ў пікетах і зьбіралі подпісы з патрабаваньнем спыніць разбурэньне гістарычнай спадчыны, але безвынікова. Будаўніцтва корпусаў Духоўнай акадэміі ў цэнтры гістарычнай часткі Менску працягнецца яшчэ два гады.

На фота: месца будаўніцтва на вуліцы Гандлёвай



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG