Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці правяраюць на Гомельшчыне грыбы на радыянукліды?


Радыё Свабода Другі сэзон запар пасьля чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне афіцыйна дазволена прадаваць правераныя на радыяцыю грыбы на рынках. Аднак далёка ня ўсе гандляры правяраюць лясную прадукцыю на наяўнасьць радыяцыі.

На тэрасе Цэнтральнага рынку Гомелю немалады мужчына прапануе кошык грыбоў на продаж. Кажа, што зьбіраў баравікі ды падбярозавікі блізу вёскі Зарадзьдзе Гомельскага раёну, але на радыяцыю грыбы не правяраў:

(Спадар: ) “Радыяцыю не правяраў — кажу сумленна, што не правяраў. Я яшчэ пры немцах хадзіў у лес”.

Некаторыя гандляры наагул адмаўляюцца размаўляць пра тое, ці ёсьць у грыбах радыянукліды. Заяўляюць, што самі спажываюць іх і добра пачуваюцца.

Грыбнік зь вёскі Мядзьведзева Буда-Кашалёўскага раёну сьцьвярджае, што грыбы ён правяраў, але квітка ў лябараторыі яму не далі — таму й ня памятае ўзроўню заражанасьці грыбоў:

(Спадар: ) “А што — я запамінаю, ці што? А талёнчыка не даюць, пакідаюць у сябе. Маю толькі белыя грыбы, аддаю ўсё за 35 тысяч рублёў”.

Ураджай на грыбы ў лясах спарадзіў і яшчэ адну праблему. Многія людзі неабачліва зьбіраюць усё, што трапляецца пад руку. Таму ў рэгіёне пачасьціліся атручваньні грыбамі. За апошнія тыдні з такім дыягназам у шпіталі трапіла больш за пяцьдзясят чалавек, у тым ліку сямнаццаць дзяцей.

Між тым, у рэгіёне існуе Навукова-дасьледчы інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які займаецца і тэхналёгіямі бясьпечнага штучнага вырошчваньня грыбоў. Акурат сёньня тут ладзілася выстава грыбоў. Распавядае загадчык лябараторыі інстытуту Вячаслаў Труханавец:

(Труханавец: ) “У нас грыбны рынак запоўнены харчамі кітайскага, польскага, галяндскага, нямецкага, расейскага паходжаньня, але не беларускага. У Эўропе спажываюць 4—10 кіляграмаў грыбоў на душу насельніцтва. УБеларусі, паводле нашых падлікаў, ва ўражайныя гады — 1—2 кіляграмы дзікіх грыбоў і прыкладна 100 грамаў — штучна вырашчаных. Тут трэба ўзмоцнена прапагандаваць штучнае вырошчваньне грыбоў, чым займаецца наш інстытут. Мы распрацавалі тэхналёгіі вырошчваньня ядомых грыбоў на прысядзібных і дачных участках — тыя ж вешанкі, шыітакэ. Шыітакэ смакавымі якасьцямі не саступае беламу грыбу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG