Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянская паліцыя шукае беларускую дзяўчынку


Радыё Свабода, Менск Італьянская паліцыя аб’явіла ў вышук 10-гадовую беларуску Віку — выхаванку дзіцячага дому ў Беларусі. У Італіі Віка знаходзілася на аздараўленьні ў італьянскай сям’і ў Кагалета пад Генуяй. Дзяўчынка пагражае, што скончыць жыцьцё самагубствам, калі яе адправяць у Беларусь. За дзяўчынку заступілася італьянская сям’я, якая праз суд спрабавала працягнуць яе знаходжаньне ў Італіі.

Італьянскі суд пастанавіў, што ў верасьні дзяўчынку павінны агледзець беларускія ды італьянскія дактары. Потым, пасьля гарантыяў яе будучай бясьпекі, яе неабходна адправіць у Беларусь.

Паводле адваката, італьянскія дактары ўстанавілі, што 10-гадовая Віка ў беларускім дзіцячым доме перажыла маральную, фізычную і сэксуальную зьнявагу. Італьянцы Марыя К’яра Барночын і Алесандра Гвіста схавалі дзіця. Яны заяўляюць, што не атрымалі дастатковых доказаў і гарантыяў маральнай і фізычнай бясьпекі дзяўчынкі. Паводле італьянцаў, Віка пагражае скончыць жыцьцё самагубствам, калі яе адправяць назад у Беларусь.

Цяпер амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко знаходзіцца ў Генуі, дзе месьціцца пракуратура і суд у справах непаўналетніх. Ці ўдалося знайсьці Віку?

(Скрыпко: ) “Пакуль не. Яе наўмысна хавае італьянская сям’я. Мы ажыцьцяўляем усе неабходныя дзеяньні ў поўным супрацоўніцтве з кампэтэнтнымі італьянскімі органамі й сіламі правапарадку дзеля максымальна хуткага пошуку і вяртаньня ў Беларусь дзяўчынкі. У гэты момант яе пакуль яшчэ не знайшлі”.

Заяву італьянскай сям’і, што дзяўчынка пагражае скончыць самагубствам, калі яе адправяць у Беларусь, амбасадар Скрыпко пракамэнтаваў так:

(Скрыпко: ) “Гэтае цьверджаньне італьянскай сям’і, якое мы абавязкова праверым і абавязкова правядзем максымальна глыбокае расьсьледаваньне абставінаў, якія зрабіліся падставай для такіх цьверджаньняў. І такія дзеяньні ўжо праводзяцца”.

Амбасадар Скрыпко яшчэ не атрымаў афіцыйных папераў адносна заявы італьянскага боку — пра тое, што 10-гадовая Віка ў беларускім дзіцячым доме спазнала маральную, фізычную і сэксуальную зьнявагу. Маўляў, беларускія дыпляматы ня маюць кантакту з непаўналетняй для праверкі гэтай інфармацыі. Але ці дазволіць беларускі бок падоўжыць знаходжаньне дзяўчынкі ў італьянскай сям’і?

(Скрыпко: ) “Мы ня можам пагадзіцца зь сям’ёй, якая парушае ня толькі міжнародны правапарадак, але і законнасьць сваёй краіны. Італьянскі суд у справах непаўналетніх пастанавіў знайсьці й вярнуць гэтую дзяўчынку ў Рэспубліку Беларусь, і з 8 верасьня гэтая пастанова парушаецца італьянскім бокам. Тым больш іхныя дзеяньні падпадаюць пад крымінальнае злачынства — выкраданьне непаўналетніх”.

Тым часам італьянцы гатовыя правесьці дэманстрацыю ў падтрымку беларускай дзяўчынкі, якая жадае застацца ў Італіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG