Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыфон


Вінцэсь Мудроў З пачаткам восені ня скончыўся наш "Летні альбом", у якім засталося яшчэ шмат неперагорнутых старонак. Таму на хвалях “Свабоды” аж да бабінага лета – яшчэ месяц – будзе гучаць праграма Вінцэся Мудрова пра рэчы важныя, страшныя, дэфіцытныя калісьці і сьмешныя цяпер.

За часамі маёй маладосьці ў кінатэатрах часьцяком круцілі фільмы пра шпіёнаў. У тых “кінах” кіраўнікі варожай рэзыдэнтуры звычайна сядзелі, усьпёршы ногі на нізкія столікі, і ля іхных ног стаялі вялізныя бутлі. Рэзыдэнты раз-пораз падыходзілі да іх і з гучным шыпеньньнем поўнілі шклянкі. Напачатку я думаў, што ў бутлях былі віскі з содавай, і толькі потым уцяміў, што там была звычайная газіроўка.

Аднойчы мы з бацькам ішлі па вуліцы і сустрэлі суседа, які нёс у руках тую самую таямнічую бутлю. Я з насьцярогаю зірнуў на дзядзьку, шукаючы ў ім падабенства да кіраўніка варожай рэзыдэнтуры, а бацька тым часам запытаўся: – Ты дзе браў сыфон? – А вунь, сыфоназаправачную адчынілі. І сыфоны выкінулі. Бяжыце, можа і вам дастанецца, – паведаміў сусед.

Народу ў сыфоназаправачнай было як завязаць. Мы з бацькам адстаялі гадзіну і нам – дайце веры! – дастаўся апошні сыфон. Тут жа яго і заправілі, аддаўшы за запраўку 5 капеек.

Сыфон быў з тоўстага шкла, двухлітровы. Газіроўкі хапала на два дні, і маім абавязкам было бегаць яго запраўляць. Кожнага разу даводзілася выстойваць у чарзе. Памятаю, дзядзькі, што стаялі поруч, пыталіся ў запраўшчыцы – зь якім ціскам запраўляюцца сыфоны, і тая, мерна тузаючы вагар сатуратару, адказвала:

– Дзесьці пяць атмосьфер.

Пра ціск пыталіся ня проста так: хадзілі чуткі, што недзе ў Полацку выбухнуў кагадзе запраўлены сыфон і забіў сямідзесяцігадовую кабету.

Напачатку сыфоны насілі, трымаючы за рычажок. З тае нагоды псаваўся кляпан, і газіроўка пачынала капаць з носіку. Калі мы, падлеткі, гамузам ішлі ў сыфоназаправачную, хто-небудзь голасна пытаўся: “У якога малайца ранкам капае з канца?” І ўсе гамузам адказвалі: “У сыфона!”. Ці не таму, заўважым у дужках, у васьмідзясятых гадах “сыфонам” назвалі бытавы сыфіліс. Каб не псаваць кляпан, сыфоны сталі насіць у сплеценых цыратавых сетках-кайстрах.

Некаторым тыя кайстры даліся ў знакі. Адзін навапалачанін пайшоў ад ранку ў сыфоназаправачную і вярнуўся да хаты позьняй начы: на ладным падпітку і з разьбітым сыфонам. Ад яго засталася толькі алюмініевая галоўка, якая, зачапіўшыся рычагом, матлялася ў кайстры. Пабачыўшы такое, жонка схапіла кайстру і з размаху, як кісьцянём, гвазданула мужа па цемю. Давялося выклікаць “хуткую дапамогу”. Уявіць страшна: што б было, калі б муж прыйшоў да хаты з запраўленым сыфонам.
XS
SM
MD
LG