Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хашчавацкі зьняў фільм “Плошча Каліноўскага” (фота)


Любоў Лунёва, Менск Рэжысэр Юры Хашчавацкі завяршыў працу над новым фільмам. Чарнавы варыянт назвы — “Плошча Каліноўскага”. Кіно апавядае пра падзеі часу выбарчай кампаніі. Рэжысэр разьлічвае найперш на моладзевую аўдыторыю. Ён кажа, гэта фільм пра моладзь вачыма старэйшага пакаленьня.

У фільме “Плошча Каліноўскага” Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна, разважае пра стан беларускай правінцыі й яе пэрспэктыву. Паралельнай лініяй ідзе гутарка зь дзяўчынай Дашай, якая прыходзіла ўначы ў намётавы лягер і перажыла разам зь іншымі сотнямі ўдзельнікамі акцыі затрыманьне, суд і турму. Гаворыць аўтар фільму Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Яны іншыя, яны не такія, і мы мусім іх зразумець хаця б дзеля таго, каб утрымацца побач зь імі й дапамагчы ім. Гэты працэс нагадвае тое, што адбывалася ў 1968 годзе ў Францыі. Менавіта тады стала зразумела, што ня моладзь павінна ісьці за старэйшым пакаленьнем, а часам — наадварот. У каго падымецца рука асуджаць сталых людзей у вёсках, у якіх так адпрацаваная псыхіка, бо іх увесь час прыніжалі, забівалі і фашысты, і НКВД, і КГБ… А маладыя не жадаюць быць рабамі. Самае страшнае для асобы — стаць сьцёртай, апынуцца на каленях перад невядома якім дыктатарам”.

Тэкст за кадрам чытае сам аўтар па-расейску, але амаль усе героі размаўляюць па-беларуску. Вось як гэта камэнтуе Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Я сам баюся размаўляць па-беларуску, таму што ў мяне гэта пачварна атрымаецца. Але я чую прыгажосьць гэтай мовы. Я памятаю час, калі ніколі ў горадзе нельга было пачуць беларускай мовы. Гэта потым я пазнаёміўся зь беларускімі пісьменьнікамі. Мова загучала напрыканцы 1980-х спачатку з праблемамі, а потым усё лепей. Асабліва прыгожа атрымліваецца ў маладых. Шмат матэрыялу з Коласаўскага ліцэю і з ЭГУ ў Вільні”.

Юры Хашчавацкі ў фільме кранае некалькі тэмаў: культуру, адукацыю, стасункі паміж уладай і чалавекам.

(Хашчавацкі: ) “Адна з задачаў – каб людзі, якія адчуваюць: “Не. Нічога не атрымаецца. Прастаялі на плошчы, паспрабавалі змагацца, а ўсё марна”… Не, ня марна! Чалавек, які прыйшоў на плошчу, то, калі ён меў паўтара мэтра росту, то сёньня ўжо — тры, заўтра — шэсьць. Гэта трамплін, тая падкідная дошка, адштурхоўваючыся ад якой, мы атрымаем новую гісторыю, новую краіну”.

Юры Хашчавацкі лічыць, што маладым будзе цікава паглядзець на сябе, але яшчэ цікавей паглядзець на сябе вачыма чалавека са старэйшага пакаленьня.

(Хашчавацкі: ) “Я амаль упэўнены ў тым, што ўбачу гэтую плошчу пад афіцыйнай назвай плошча Каліноўскага. Гэта будзе”.

Рэжысэр плянуе неўзабаве прэзэнтаваць фільм шырокай аўдыторыі.


Рэжысэр Ю.Хашчавацкі


Рэжысэр Ю.Хашчавацкі працуе над фільмам




Кадр з фільму: на Кастрычніцкай плошчы


Кадр з фільму: бойка


Кадр з фільму: бойка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG