Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстам пакажуць разам з Аўгустоўскім каналам і “Лінію Молатава” (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня 22 кілямэтры беларускай часткі Аўгустоўскага каналу былі здадзены ў эксплюатацыю тры месяцы таму. Рэканструкцыя адбылася за два гады згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам. Месяц таму ўздоўж каналу скасавалі рэжым памежнай зоны, які існаваў 60 гадоў. Аднак сёньня на гэтай воднай артэрыі няма адпачыньнікаў, ня ўбачыш тут і яхтаў ды чоўнаў. Тым часам улады зьбіраюцца выкарыстоўваць яе ў турыстычных мэтах, завабліваючы турыстаў у тым ліку дотамі гэтак званай “Лініі Молатава”. Аўгустоўскі канал наведаў наш карэспандэнт.

Па дарозе з Горадні на Аўгустоўскі канал можна агледзець форт часоў І Усясьветнай вайны, а таксама ўбачыць доты, у якіх у 1941-м годзе бараніліся савецкія памежнікі. Адзін, напаўразбураны выбухам, стаіць на беразе каналу. Турыстам прапануецца маршрут на Аўгустоўскі канал з заездам у палац Валовічаў у Сьвяцку з ХVІІІ стагодзьдзя, а таксама з аглядам абарончых збудаваньняў гэтак званай “Лініі Молатава”.

Я зьвярнуўся да гарадзенскага гісторыка архітэктуры Ігара Трусава, найбольшага знаўцы Аўгустоўскага каналу. Ён гаворыць, што падрыхтаваны пуцевадзіцель па каналу на 120 старонак з мапамі і схемамі. Ён, як галоўны аўтар, нідзе не ўжывае вызначэньне “Лінія Молатава”.

(Трусаў:) “У канцы ХІХ стагодзьдзя і ў пачатку ХХ-га ў зьвязку з абвастрэньнем агульнапалітычнай сытуацыі ўмацоўвалася мяжа з Усходняй Прусіяй. Потым яна яшчэ дадаткова ўмацоўвалася ў 1939-40 гадах. Вось і ўсё, і прычым тут Молатаў?”

Ігар Трусаў зазначае, што больш лягічным было б назваць былыя ўмацаваньні “Лініяй Карбышава”, які наведаў іх зь інспэкцыяй напярэдадні вайны.

Адзін гарадзенскі гісторык мне патлумачыў, што назва “Лінія Молатава” сёньня сустракаецца даволі часта, асабліва ў сувязі з Аўгустоўскім каналам. Але гісторыкі працягваюць спрачацца наконт яе паходжаньня. Уладам палітычна выгодна выкарыстоўваць яе сёньня: маўляў, калі была адноўлена частка “Лініі Сталіна”, дык няхай і “Лінія Молатава” будзе, таму назва замацавалася. Так лічыць гісторык, зь якім я размаўляў. Ён папрасіў не называць яго, паколькі працуе ў дзяржаўнай установе.

Іншы гарадзенскі гісторык, да якога я зьвярнуўся па камэнтар, Алесь Краўцэвіч, якраз знаходзіўся выпадкова ля форту побач польскай мяжы, які будаваў вядомы генэрал Карбышаў напярэдадні І Сусьветнай вайны.

(Краўцэвіч: ) “Гэта форт N4 з сыстэмы гарадзенскіх умацаваньняў, збудаваных у часы Расейскай імпэрыі. Цяпер у афіцыйнай прапагандзе зьяўляецца ідэалягічны пасыл, што тут недзе каля Горадні існавала “Лінія Молатава” з гэтых магутных фартоў. Мяне дзівіць і непакоіць зьвязваньне ідэалягічнага пасылу пра “Лінію Молатава” з Аўгустоўскім каналам. Аўгустоўскі канал – гэта сапраўды выдатны помнік інжынэрнай думкі ХІХ стагодзьдзя, але турыстаў спрабуюць адначасова напічкаць сучаснымі ідэалягічнымі пасыламі лукашэнкаўскага рэжыму”.

Спадар Краўцэвіч зазначае, што пасьля аднаўленьня беларускай часткі Аўгустоўскага каналу побач зь ім паставілі помнік чырвонаармейцам з высечаным у камені памежным слупом з гербам СССР.


Бронзавая фуражка — дэталь новага помніка савецкім памежнікам на Аўгустоўскім канале


Сёньняшні выгляд каналу


Гранітны пастамэнт-помнік з шыльдай, у якой гаворыцца пра ўказ А.Лукашэнкі, паводе якога адноўлены канал


Сёньняшнімі будаўнікамі выкарыстаны камень з адзнакай часоў пабудовы каналу ў 1839 годзе


Мэханізм адкрыцьця шлюзу


Апошні, самы вялікі шлюз, у Нямнове — перад злучэньнем каналу зь Нёманам


Надпісы зроблены па-беларуску


Выгляд разбуранага доту на беразе каналу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG