Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Алесем Чыгіром перанесьлі на заўтра


Радыё Свабода У Бабруйску пачаўся суд над дэпутатам гарсавету, настаўнікам гісторыі Алесем Чыгіром. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу — за несанкцыянаваны пікет і непадпарадкаваньне міліцыянтам. Нагадаем, што 31 жніўня Алесь Чыгір ланцугом прывязаўся да слупа каля Бабруйскага гарвыканкаму, і яго затрымалі. Настаўнік пратэставаў супраць звальненьня з палітычных матываў.

Сёньня раніцай да Алеся Чыгіра прыйшлі супрацоўнікі гарадзкой управы міліцыі й загадалі паехаць у пастарунак. Там склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, які міліцыянты перадалі ў гарадзкі суд Бабруйску. Суд распачаўся празь некалькі гадзінаў, але судзьдзя Натальля Чарануха распачала й па часе адклала слуханьні, бо не зьявіліся сьведкі з боку міліцыі. Пра далейшыя падзеі Алесь Чыгір апавёў:

(Чыгір: ) “Я думаю, што суд прызнае мяне вінаватым — і гэта ня дзіўна. Але калі б час адкруціць назад, то я зрабіў бы дакладна тое ж самае. Гэта значыць, што я сьвядома ішоў на такі крок, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да таго, што нашая краіна не зьяўляецца прававой дзяржавай і тут самым нахабным чынам парушаюцца правы чалавека”.

Да адміністрацыйнай адказнасьці Алеся Чыгіра прыцягваюць паводле санкцыі пракурора Ленінскага раёну Бабруйску Віктара Гаўрыкава. Гэтага патрабуе статус дэпутата гарсавету, які мае спадар Чыгір. У дзень затрыманьня такую санкцыю пракурор даць адмовіўся. Аднак яна зьявілася праз дванаццаць дзён пасьля падзеі. Вось як гэта пракамэнтаваў юрыст Вадзім Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Фармальна дзеяньні пракурора законныя. Але ж 31 жніўня пракурор адмовіўся даць адпаведную санкцыю, заўважыўшы, што ў дзеяньнях Алеся Чыгіра адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня. А цяпер ён даў такую санкцыю. Гэта паказвае, што пракурор зьмяніў сваё меркаваньне, і я думаю, што тут не абышлося бязь ціску на яго. Гэта яшчэ раз паказвае, што нашая пракуратура не заўсёды дзейнічае аб’ектыўна і ў межах закону, а зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасьці”.

Паводле выстаўленых абвінавачаньняў, спадару Чыгіру пагражае штраф альбо да 15 сутак зьняволеньня. Алесь Чыгір бяз працы зь сярэдзіны жніўня. На ягоным утрыманьні трое непаўналетніх дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Алесь Чыгір зьвярнуўся са скаргай у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі й падрыхтаваў пазоў у суд на гарадзкую ўправу адукацыі за незаконнае звальненьне. Акрамя таго, спадар Чыгір плянуе падаць у суд на дзяржаўную газэту “Бабруйскае жыцьцё”, якая надрукавала артыкул “Тэатар аднаго актора” з абразамі на ягоны адрас.

Нагадаем, што 31 жніўня разам з Алесем Чыгіром затрымалі дзесяцярых журналістаў розных незалежных выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG