Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе беларускія даляравыя мільянэры?


Радыё Свабода Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2002 годзе найбольшы прыбытак беларускага грамадзяніна, задэкляраваны ў падатковай, склаў больш як 4 мільёны даляраў. У наступным годзе падатковыя службы паведамілі, што здолелі легалізаваць блізу 200 мільянэраў. Аднак паводле зьвестак двух апошніх гадоў у Беларусі даляравых мільянэраў больш няма. У 2004 годзе самы вялікі гадавы прыбытак склаў больш за 300 тысяч даляраў, а ў 2005-м — каля 400 тысяч даляраў.

Экспэрты цьвердзяць, што ў Беларусі ёсьць падпольныя мільянэры й называюць лічбу — ад дваццаці да некалькіх соцень чалавек. Прынамсі, у інтэрнэце апублікаваны неафіцыйны сьпіс мільянэраў, у якім падаюцца, між іншым, прозьвішчы высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. Да прыкладу, у гэтым сьпісе ёсьць былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова. Падчас сьледзтва яна кампэнсавала частку стратаў, нанесеных дзяржаве, — вярнула больш за паўтара мільёна даляраў.

Бізнэсоўцы, якія не жадаюць плаціць падаткі згодна з максымальнай стаўкай, 30%, лічаць за лепшае схаваць свае прыбыткі. Зь мільёну ў Беларусі трэба выплаціць 300 тысяч даляраў. Ва ўрадзе Беларусі разглядаюць магчымую зьмену стаўкі падатку з прыбытку ў 2007 годзе — магчыма, тады мільянэры захочуць легалізавацца.

А пакуль многія багатыя беларусы пераводзяць бізнэс ды грошы ў іншую краіну. Да прыкладу, імя нараджэнца Іўя Яна Апаленіса зьяўлялася ў пераліку ста мільянэраў Латвіі.

Сярод мільянэраў у Беларусі называюць, прыкладам, тэнісіста Максіма Мірнага, банкіра Віктара Шаўцова, бізнэсоўца Ўладзіслава Рачкевіча. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьвярджаецца. У Міністэрстве падаткаў і збораў заявілі, што прозьвішчы найбагацейшых людзей Беларусі — таямніца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG