Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладнаму Саюзу пісьменьнікаў -- фінансаваньне зь бюджэту, незалежнаму пагражае закрыцьцё


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля высяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб дзяржаўным фінансаваньні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Паводле ўказу, СПБ выдзеляць сродкі на аплату працы апарату, памяшканьні, транспарт, аргтэхніку. Урад аплаціць выдаткі на статутную дзейнасьць гэтага аб’яднаньня.

Інфармацыі пра тое, што праўладны саюз пісьменьнікаў атрымае памяшканьні ў Доме літаратара, пакуль няма. Старшыня гэтага саюзу Мікалай Чаргінец нядаўна заявіў, што ён “увогуле гэтым не цікавіцца”.

Намесьнік спадара Чаргінца Анатоль Аўруцін паведаміў “Свабодзе”, што СПБ мае цяпер офіс на праспэкце Пераможцаў, якім ён карыстаецца “ў крэдыт”. Паводле спадара Аўруціна, указ прэзыдэнта дапаможа дзейнасьці іхнага саюзу:

(Аўруцін: ) “Гэта, канечне, дапаможа, бо літаратура ў нас нарэшце зноў стане дзяржаўнай справай. Гэта была ініцыятыва ўсіх здаровых сілаў у грамадзтве”.

Паводле спадара Аўруціна, у іхным саюзе цяпер каля 300 сябраў. Пры гэтым ён зазначыў, што ў праблемах незалежнага саюзу пісьменьнікаў вінаватыя ягоныя сябры, але асабіста ў спадара Аўруціна застаюцца “чыста чалавечыя дачыненьні” зь некаторымі яго прадстаўнікамі:

(Аўруцін: ) “Там ёсьць таленавітыя людзі, зь якімі мы хацелі б мець добрыя дачыненьні”.

Прадстаўніца незалежнага Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава дзяржаўнае фінансаваньне СПБ называе вяртаньнем да савецкай практыкі:

(Іпатава: ) “Нічога новага тут няма — вяртаньне на старыя пазыцыі, розьніца толькі ў тым на сёньняшні дзень, што дзяржаўная ідэалёгія стала такой жорсткай, яна мне нагадвае 1937 год”.

Паводле Вольгі Іпатавай, той сэгмэнт беларускага грамадзтва, які гаворыць па-беларуску, любіць беларускае, чытае і сочыць за літаратурай, не прызнае праўладных творцаў.

Незалежны Саюз пісьменьнікаў, якога пазбавілі памяшканьня ў Доме літаратара, паўстаў перад пагрозай ліквідацыі з-за страты юрыдычнага адрасу. Кіраўніцтва саюзу цяпер шукае новы адрас і рыхтуецца да чарговага зьезду ў кастрычніку. Разам з гэтым пісьменьнікі зьбіраюцца заснаваць сваю літаратурную газэту і арганізаваць шэраг выдавецкіх і інтэрнэт-праектаў. Калі беларускія ўлады адмовяць у рэгістрацыі СБП, то арганізацыя будзе зарэгістраваная за мяжой, адпаведныя прапановы ёсьць, гаворыць Вольга Іпатава.

(Іпатава: ) “Мы не зьбіраемся складаць рукі й зьнікаць у нябыт. Праходзіць час дыктатуры і таталітарызму, так было ў фашысцкай Нямеччыне ўрэшце — пасьля вярнуліся пісьменьнікі, або іх творчасьць вярнулася на радзіму, і яна адразу замяніла сабою тых пісьменьнікаў, якія аддаваліся ўладзе й нічога значнага для свайго народу зрабіць не маглі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG