Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Амстэрдама да Вільні: праграмы для беларускіх студэнтаў


Тацяна Поклад, Вільня Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа" (частка 3).

Праграма "Libertas Support Fund" – гэта праграма нідэрляндзкай арганізацыі для міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэры вышэйшай адукацыі “Nuffic”, створаная з мэтай дапамагчы студэнтам, якім немагчыма альбо надзвычай цяжка вучыцца ў роднай краіне з-за палітычнай сытуацыі.

"Libertas Support Fund" цалкам скіраваная толькі на падтрымку студэнтаў зь Беларусі. Міністэрства адукацыі, культуры і навукі Нідэрляндаў вылучыла для гэтага 1 мільён эўра. Пакуль, аднак, ніводнай заяўкі ад беларускіх студэнтаў няма.

Маладыя беларусы, якія апынуліся за мяжой у выніку палітычнага перасьледу, мяркуюць, што прычына ня толькі ў тым, што нідэрляндзкая праграма – малавядомая.

Арцём Шаркоў, актывіст-маладафронтавец, хаваецца ад палітычнага перасьледу яшчэ ад часу перадвыбарчай кампаніі – ад пачатку гэтага году ён ня можа паехаць ў Беларусь.

(Шаркоў: ) “Гэтая праграма вельмі цікавая, і калі б быў хаця б год на вывучэньне мовы, то я мяркую, што шмат народу паехала б. Але многія не хочуць ехаць яшчэ й таму, што з Галяндыі да Беларусі далекавата дабірацца. Усё ж такі розныя акцыі, сэмінары, імпрэзы праходзяць каля Беларусі ці ў Беларусі. А Галяндыя – трошкі далекавата”.

Сам Арцём ад''ехаў ад Беларусі недалёка – у Літву, дзе ўжо другі год вучыцца на факультэце паліталёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

(Шаркоў: ) “У Літве ў нас стыпэндыі няма. Але якраз 2 жніўня па Балтыйскім ТБ выступаў наш віцэ-рэктар Дунаеў і казаў, што ад кастрычніка сёлета будзе стыпэндыя, 600 літаў (прыкладна 220 даляраў), але зь яе трэба будзе плаціць за інтэрнат, які каштуе нямала – каля 300 літаў. Так што нам застаецца няшмат, пражыць на гэта ў Літве цяжка. Таму больш маіх сяброў па праграме Каліноўскага едуць ў Польшчу, там стыпэндыя 400 даляраў і навучаньне бясплатнае. Хаця зноў-такі, многія мае сябры паехалі ўва Ўкраіну, дзе стыпэндыя таксама вельмі малая, але там вельмі блізка да Беларусі і прасьцей з моўным бар''ерам”.

Арцём улетку таксама вучыўся, вывучаў польскую мову.

(Шаркоў: ) “Я таксама зьвяртаўся ў праграму Каліноўскага, буду давучвацца ў Польшчы. Я не магу вярнуцца ў Беларусь, у бацькоў на працы былі праблемы, фінансавая сытуацыя ў нас цяжкая, таму для мяне стыпэндыя істотная”.

Арцём сказаў мне, што калі я не спытала ў яго, – не пасьпела ці не здагадалася, – нешта з таго, што вам было б цікава, вы можаце задаць яму сваё пытаньне самі. Адрас яго электроннай пошты zeal1@tut.by. А я напрыканцы размовы задала пытаньне, якое, пэўна, найчасьцей задаюць эмігрантам.

(Карэспандэнт: ) “А калі пачыналі ў Літве – што было самым цяжкім?”

(Шаркоў:) “Чужое моўнае асяродзьдзе. З-за гэтага усё здавалася чужым... ведаеце, такія цяжкія пачуцьці бываюць. Далёка ад дома. Ад блізкіх людзей, ад сяброў. Усё чужое, іншае. Вельмі хочацца зьезьдзіць у Беларусь, усіх пабачыць, схадзіць у лазьню беларускую. Вельмі хочацца ў Беларусь. Месца вабіць... Здаецца, часам, нават, калі турма, усё роўна б паехаў, як ужо зусім не вытрымаю... Роднае паветра – яно лягчэйшае...”

І вось іншы палітычны уцякач зь Беларусі, Дзяніс, які жыве і працуе у Нідэрляндах тры гады, кажа што такія пачуцьці ёсьць. Калі я размаўляла зь Дзянісам, у Амстэрдаме ішоў такі самы халодны дождж, як ў Вільні, – дый колькі ўсяго падобнага ў розных краінах!

(Дзяніс: ) “Не, тут усё іншае – чужое. Справа нават ня ў мове – мову я вывучыў. Проста тут усё іншае... у Беларусі ўсё лепш. Дома я хадзіў на вучобу з радасьцю, мне падабалася, а тут – ідзеш толькі таму, што гэта патрэбна. Усе мае знаёмыя, сябры, моладзь, хто вучацца, кажуць – ня хочацца туды ісьці, але трэба. Бяз радасьці неяк. Я буду тут жыць толькі да таго часу, пакуль не змагу вярнуцца дахаты”.

Мой суразмоўца скептычна паставіўся да новай праграмы ў Нідэрляндах: праграмай для падтрымкі беларускіх студэнтаў, якія з-за палітычнай сытуацыі ня могуць вучыцца дома, падобна, мала хто зможа скарыстацца. Тыя, хто мэтанакіравана плянавалі вучыцца ў Заходняй Эўропе – рыхтаваліся, вучылі замежную мову. А студэнты, у якіх пачаліся праблемы з-за палітычнай сытуацыі, якіх перасьледуюць улады, – яны ж дома хацелі вучыцца, не плянавалі зьяжджаць, яны не гатовыя да такіх патрабаваньняў – адразу працягваць вучобу па спэцыяльнасьці на іншай мове, самастойна зарыентавацца ў замежнай сыстэме адукацыі.

(Дзяніс: ) “Ну, як нехта вучыцца дома і хоча ехаць павучыцца за мяжу, ім гэта цікава. А калі казаць пра пэўную кар''еру тут, лепш працаваць, нармальную працу знайсьці.

Можа я буду тут яшчэ 5 ці 8 гадоў. Я думаю пра будучыню, а зрабіць сабе кар''еру на практыцы лепш, чым у тэорыі. Чым я 8 гадоў змарную на ўнівэрсытэт, я хутчэй дамагуся чагосьці вартаснага працуючы, калі вучысься і даведваесься нешта новае на практыцы. У нас тут шмат варыянтаў зрабіць кар''еру без вучобы”.

Дзяніс задаволены сваёй працай. Гэта насамрэч адчувалася, калі ён тлумачыў дзе і як ён працуе.

(Дзяніс: ) “Гэта транспартная кампанія, якая займаецца пастаўкамі ружаў. Экспарт-імпарт. Кампанія мае свае цяпліцы ў Кеніі, прывозіць кветкі на біржу кветак каля Амстэрдама. Я займаюся расфасоўкай, кантролем якасьці. Працую, калі няшмат працы, 40-45 гадзінаў у тыдзень, а бывае гадзінаў 60-70 нават. Кантракт на 40 гадзінаў у тыдзень, адпаведна менш заплаціць ня могуць, а калі працуеш больш – гэта аплачваецца, так што заробак фактычна ў паўтара-два разы большы. А вучыцца тут я не хацеў бы, мне й сама сыстэма (адукацыі) тут не падабаецца, і не хацеў бы тут доўга затрымлівацца”.

Дзяніс жыве ў Амстэрдаме, у Гофдорпе, і калі я не распытала яго пра ўсё, што вам цікава, вы можаце напісаць яму самі на адрас schtirlec@mail.ru.

Калі ж вы маеце прапановы, заўвагі, пытаньні да мяне, то іх таксама можна даслаць па электроннай пошце на мой адрас pokladt@yahoo.co.uk
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG