Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмецьцявозка


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак У Наваполацку сьмецьцявозы зьявіліся ў другой палове шасьцідзясятых.

А да таго часу сьмецьце звальвалі ў мэталёвыя скрыні, якія стаялі ў дварах. Прыбіралі яго адтуль раз на тыдзень, і ўлетку ў дварах было не прадыхнуць ад смуроду. Аднойчы ўпраўдом сабраў жыхароў і паведаміў, што цяпер сьмецьце будзе вывозіць адмысловая машына. І хаця людзі сустрэлі такое паведамленьне гудам абурэньня (машына мусіла прыяжджаць а васямнаццатай гадзіне, а гэтай парой шмат хто быў на працы), наступнага вечару, напоўніўшы прастору зычным сыгналам, у двор заехаў самазвал. Той самы, з паўкруглым кодабам. Памятаеце, падчас язды ён скідваў ціск ў пнэўмасыстэме, выдаючы спэцыфічны гук “бз-з”, і з тае нагоды атрымаў немілагучную мянушку. “Мусарка” прыехала!” – гойкнуў нехта. Вокліч гэты гучаў потым доўгія гады, прымушаючы хапацца за вёдры са сьмецьцем.

Самазвал бзыкнуў наастачу, паволі спыніўся, з кабінкі выкуліўся сьмяцяр зь вілкамі ў руках, і людзі, піхаючы адно другога, сталі куляць вёдры ў кодаб. Многія не маглі дацягнуцца, і частка сьмецьця сыпанула на галовы.

- Стойце! – з мацюгамі загарлаў сьмяцяр, - яшчэ рагожу ня зьняў! – напалову завалены сьмецьцем кодаб быў засланы тоўстым радном.

Сьмяцяр, стоячы ў кодабу, паволі прымаў вёдры, і нам, падшыванцам, не цярпелася вызваліць рукі. Мы падсаджвалі адно другога і самі вывальвалі сьмецьце. Па руках кожнага разу цякла памыйная жыжка. А то яшчэ ўзьбіраліся на колы. Аднойчы я сасьлізнуў з кола і зваліўся, разам зь вядром, на голаў нейкай кабеты. Народ стаў скардзіцца ўпраўдому – маўляў, немагчыма дацягнуцца да борту. І ў хуткім часе ў двары згламэздалі драўляны памост.

Аднойчы – ужо і не скажу ў якім годзе – у двор, таксама зь нецярплівым гудам, заехала дзіўнага выгляду машына. Гэта быў кантэйнэрны сьмецьцявоз М-30 на базе аўтамашыны ГАЗ-51. Сьмецьцепрымальнік там быў невялікі і ў першы дзень ля яго разгарэлася сапраўдная вайна. “А пашалелі людзі!” – гукала суседка зь пятага паверху, але й сама не адставала, лезла зь вядром на людзкія сьпіны. Неўзабаве кіроўца, што стаяў ля машыны, махнуў рыдлёўкай, крыкнуў: “Буду біць па кумпалу!” – і народ мусіў выстраіцца ў чаргу. Раз-пораз кіроўца націскаў вагар і сьмецьце з дапамогаю гідраўлікі ўпіхвалася ў кантэйнэр. Пакуль рухалася мэталёвае жавала, вёдры куляць было нельга. Вадзіла стаяў поруч, з рыдлёўкай наперавес, і папярэджваў: “Хто толькі выверне – адразу б’ю па кумпалу! Старая выверне – дам старой, дзіцёнак – дзіцёнку”. Яны былі нэрвовымі людзьмі, вадзілы сьмецьцявозак.
XS
SM
MD
LG