Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: БРСМ зноў у цэнтры скандалу


Радыё Свабода На Берасьцейшчыне разгараецца новы скандал вакол арганізацыі, якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі (БРСМ). Увагу праваахоўных органаў прыцягнула дзейнасьць экспэрымэнтальнага моладзевага аб’яднаньня “Палесьсе”, якое зараз падпарадкоўваецца БРСМ. Гэтае аб’яднаньне адказвае за будаўніцтва элітных жылых кватэраў і офісных памяшканьняў у Берасьці і Пінску. Аднак скончыць гэтае будаўніцтва ў вызначаны тэрмін “Палесьсе” не здолела.

Інвэстары вінавацяць кіраўніцтва аб’яднаньня ў тым, што атрымаўшы неабходныя для будаўніцтва сродкі, яно выкарыстала іх не па мэтаваму прызначэньню. Паводле папярэдніх дадзеных, толькі ў часе будаўніцтва аднаго з аб’ектаў (жылога дому на вуліцы Арджанікідзэ ў Берасьці) невядома куды з банкаўскага рахунку зьніклі амаль 700 мільёнаў рублёў.

Зараз ўся маёмасьць “Палесься” арыштаваная паводле рашэньня абласнога гаспадарчага суду, а заснавальнікі аб’яданьня з ліку адказных асобаў БРСМ ад камэнтароў на конт гэтай гісторыі адмаўляюцца.

Гэтым летам кіраўніцтва Берасьцейскай абласной арганізацыі БРСМ вінавацілі ў парушэньні дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі, які тычыўся мераў па супрацьдзеяньню гандлю людзьмі. Некалькі маладых берасьцейскіх дзяўчынак скардзіліся на тое, што ў часе знаходжаньня на расейскім курорце Анапа іх прымушалі працаваць паводле іншай спэцыяльнасьці, адабралі пашпарты і не разьлічыліся за работу цягам 1,5 месяца. Аднак суд Ленінскага раёну Берасьця спыніў разгляд гэтай справы, спаслаўшыся на тое, што скончыўся тэрмін, паводле якога можа быць вынесенае пакараньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG