Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна: Ад мужа хаваюць праўду пра стан ягонага здароўя


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці сапраўды хворы Аляксандар Казулін? Зьвесткі пра пагаршэньне стану ягонага здароўя спрабавала праверыць жонка палітыка Ірына Казуліна падчас сёньняшняга спатканьня з мужам у Менскім сьледчым ізалятары.

Больш за месяц Ірына Казуліна ня бачылася з мужам. Іхная сустрэча адбылася сёньня, 8 верасьня. Разам з Ірынай на спатканьне прыйшла дачка Вольга з чатырохгадовым сынам Уладзіславам. Ірына Казуліна кажа, што муж выглядаў яшчэ больш схуднелым, чым на судзе ў ліпені.

(Казуліна: ) “Я пачала распытваць яго пра здароўе яшчэ падчас знаходжаньня ў турме на вуліцы Кальварыйскай, куды яго зьмясьцілі пасьля суду. І ён распавёў пра тое, чаго раней не казаў. Што калі ў яго ўзялі аналізы і дактары паглядзелі іх, то, кажа, ён убачыў, як зьмяніліся іхныя твары. Дактары сказалі, што гэта трэба перарабіць, і ён некалькі разоў перарабляў нейкі аналіз. А пасьля гэтага яму адразу пачалі даваць малако, якога звычайна ў турме не даюць”.

Начальнік менскага турэмнага шпіталю Міхаіл Тушынскі пракамэнтаваў гэтыя зьвесткі наступным чынам:

(Тушынскі: ) “Ён выпісаўся ад нас у вельмі добрым стане. Ніякіх праблемаў. А што да малака, то малако ў нас усім даюць, у нас дыетычнае харчаваньне”.

Аляксандар Казулін сказаў сваякам, што з вынікамі мэдычнага абсьледаваньня ў шпіталі яго гэтак і не пазнаёмілі. Палітык прызнаў, што яго непакоіць боль у сэрцы і слабасьць. Ён хоча абсьледавацца ў незалежных дактароў.

У Менскім гарсудзе 19 верасьня разгледзяць скаргу Аляксандра Казуліна і ягоных адвакатаў на прысуд, які вынес судзьдзя Маскоўскага райсуду Аляксей Рыбакоў. Адвакат палітыка Ігар Рынкевіч паведаміў, што прысуд не абскардзілі міліцыянты, якіх суд прызнаў пацярпелымі ў гэтай справе, а таксама ня выказала незадавальненьня прысудам пракуратура. У юрыдычным сэнсе гэта вельмі істотна, кажа адвакат.

(Рынкевіч: ) “Гэта азначае, што пасьля касацыйнай інстанцыі прысуд ня можа быць большым, чым ёсьць цяпер. Хаця шмат хто кажа — куды больш? А наша пазыцыя застаецца нязьменнай: мы за тое, што прысуд трэба адмяніць, а справу закрыць, бо Казулін не вінаваты”.

Нагадаем, у ліпені былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў асуджаны да пяці з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнаў і патлумачыў судовы перасьлед помстай уладаў. Аляксандар Казулін зьняволены ад 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG