Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт у гонар Аршанскай бітвы пройдзе ў сядзібе БНФ


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбудзецца канцэрт з сэрыі “Легенды Вялікага княства”, прысьвечаны гадавіне Аршанскай бітвы. Плянавалася, што імпрэза адбудзецца ў памяшканьні канцэртнай залі “Менск”, аднак напярэдадні арганізатарам адмовілі. Сьвяточны канцэрт у гонар пераможнай бітвы войскаў ВКЛ над войскамі Маскоўскай дзяржавы пройдзе ў сядзібе БНФ. Фэстываль беларускай бардаўскай песьні й паэзіі заплянаваны таксама на месцы гістарычнай бітвы, каля ракі Крапівенка пад Воршай. Імпрэза мае адбыцца ў ноч на нядзелю й пройдзе пятнаццаты раз.

“Легенды Вялікага княства” перанесьлі на малую сцэну канцэртнай залі “Менск” пасьля таго, як у арэндзе памяшканьня арганізатарам адмовіла адміністрацыя Тэатра эстрады. За кароткі тэрмін была прададзена большая частка квіткоў, але за дзень да пачатку імпрэзу забаранілі і ў “Менску”. Канцэрты адменены, нібыта з тае прычыны, што прамок дах і намачыў залю. Адміністрацыя гэтага не пацьвердзіла й не абвергла. Але вось як афіцыйную вэрсію забароны пракамэнтавала арганізатарка сьвята Арына Вячорка.

(Вячорка: ) “На маю думку, лепш, калі гэта будзе аб’ектыўная прычына. Бо ўжо гэтымі рознымі паразамі й забаронамі ўсе сытыя па горла. Ня гэтая б прычына, дык знайшлася б іншая. А гэта добрая аб’ектыўная прычына. Будзем лічыць, што нас ад гэтага ўсяго перасьцераглі”.

Паводле спадарыні Вячоркі, аматары старажытнай музыкі й сьпеваў, якія набылі квіткі, мусяць іх вяртаць у касы. Канцэрт адбудзецца, але часткова. Бо ў сядзібе БНФ, куды ён перанесены, ня здолеюць выступіць такія калектывы, як “P.L.A.N.”, “Стары Ольса” й іншыя. Сьвята беларускай бардаўскай песьні адбудзецца таксама пад Воршай, на месцы старажытнай бітвы каля ракі Крапівенка. Фэстываль упершыню прайшоў у 1991 годзе, але зараз гэта ўжо й сьвята беларускай паэзіі таксама, кажа адзін з каардынатараў праекту Юрка Копцік.

(Копцік: ) “Апошнімі гадамі ня толькі барды прыяжджаюць, але выходзяць паэты, якім няма дзе друкавацца, бо ў нас з гэтым вялікія праблемы. Яны выходзяць і проста чытаюць свае творы. У асноўным гэта пачаткоўцы, якія, магчыма, упершыню выходзяць і чытаюць свае творы. Так што гэты фэст – гэта шанец для пачаткоўцаў упершыню заявіць аб сабе ”

Паводле спадара Копціка, у адрозьненьне ад Менску, арганізатарам ня трэба дазвол аршанскіх уладаў на правядзеньне фэсту, бо ён праходзіць на вольным паветры па-за горадам. Не зважаючы на аддаленасьць, штогод на фэстывалі ў гонар Аршанскай бітвы бывае да паўтысячы ўдзельнікаў.

“Адкрыты фэстываль беларускай бардаўскай песьні й паэзіі распачнецца а 19-й гадзіне ў суботу 9 верасьня й будзе доўжыцца усю ноч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG