Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры абмеркавалі праблемы мігрантаў і зьніклых


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі аб’яднаная калегія міністэрстваў унутраных справаў Беларусі й Расеі разглядала пытаньні супрацьдзеяньня незаконнай міграцыі й пошуку асобаў, што зьніклі бязь вестак. Ачольвалі калегію міністры дзьвюх краінаў — Уладзімер Навумаў і Рашыд Нургаліеў.

Абодва бакі прызнаюць, што і нелегальнай міграцыі, і пошукам зьніклых асобаў, у тым ліку крымінальнікаў, замінае празрыстасьць беларуска-расейскай мяжы.

Ёсьць таксама спэцыфічныя моманты ў рынку працы на тэрыторыі краінаў СНД. Тысячы беларускіх грамадзянаў едуць на працу ў Расею. Многія зь іх зьнікаюць бясьсьледна альбо становяцца ахвярамі крымінальнікаў.

Даслоўна два тыдні таму ў Маскве быў забіты рабаўнікамі малады жыхар вёскі Люсіна Ганцавіцкага раёну Ігар Занька, які вяртаўся дахаты пасьля заробкаў.

Летась у той жа Маскве на Беларускім вакзале расейская міліцыя затрымала жыхара Калінкавічаў Васіля Клімянка. Ён таксама вяртаўся ў Беларусь пасьля працы на расейскіх нафтавых радовішчах. Праз два дні пасьля затрыманьня спадара Клімянка знайшлі на адным з пляцаў Масквы паўжывым, зь цяжкай траўмай галавы. У шпіталі Васіль Клімянок памёр, і яго, нягледзячы на наяўнасьць беларускага пашпарту, пахавалі на маскоўскіх могілках як незапатрабаваную асобу.

Камэнтуючы праблему зьніклых беларускіх грамадзянаў у Расеі, міністар унутраных справаў суседняй дзяржавы Рашыд Нургаліеў заявіў на брыфінгу пасьля прылёту ў гомельскі аэрапорт:

(Нургаліеў: ) “Адно магу сказаць, што міжнародны вышук і пошук бязь вестак зьніклых — для нас самае актуальнае пытаньне ў цэлым, і ў краінах СНД, і ў нас, што мы будзем сёньня разглядаць. У міжнародным вышуку цяпер знаходзіцца каля 70 тысяч расейцаў. Больш за дзьве з паловаю тысячы чалавек шукае Беларусь. Апошні час каля 800 злачынцаў затрыманыя з боку Расеі. Знайшлі прыкладна 250 чалавек, якіх аб’яўлялі ў вышук у Беларусі. Кожнае зьнікненьне бярэцца на адпаведны кантроль, вядуцца пошукавыя мерапрыемствы. У нас у гэтых справах ня толькі інфармацыйнае забесьпячэньне, але і практычнае ўзаемадзеяньне”, — сказаў расейскі міністар Нургаліеў.

Беларусь і Расея падпісалі ўжо больш за паўсотні пагадненьняў, выконваць якія мае міліцыя абедзьвюх дзяржаваў. Але беларускія ахоўнікі, прыкладам, ня маюць доступу да зьвестак Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў Масквы і Маскоўскай вобласьці.

***********************************

Летась у Расеі замежнікі ўчынілі больш за 45 тысяч злачынстваў, зь іх беларусы — 1817 злачынстваў. Адносна грамадзянаў Беларусі зьдзейсьнена 802 злачынствы.

Расейскія грамадзяне сёлета зьдзейсьнілі на беларускай тэрыторыі 475 злачынстваў. У 123 выпадках ахвярамі злачынстваў сталі таксама грамадзяне Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG