Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Амстэрдаму да Вільні: праграмы для беларускіх студэнтаў


Тацяна Поклад, Вільня Сёлета яшчэ больш моладзі зь Беларусі будзе атрымліваць адукацыю за мяжой. Студэнтам, выключаным з беларускіх вну за грамадзкую ці палітычную дзейнасьць, альбо тым, каму гэта пагражае, дапамагае Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Гэты навучальны год ва ўнівэрсітэтах Эўропы, -- у суседніх Польшчы, Украіне, Літве, а таксама ў Чэхіі, Румыніі, Нарвэгіі, Нямеччыне, Францыі, Нідэрляндах -- пачнуць прынамсі каля 400 новых студэнтаў.

(Поклад:) “Насамрэч такіх студэнтаў і вучняў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў, значна больш. Каардынатарка праекту дапамогі ахвярам рэпрэсіяў Іна Кулей распавядала раней нашым слухачам, што лік ідзе на тысячы. Арцём Шаркоў, якога я запрасіла да ўдзелу ў гэтай перадачы, на ўласным досьведзе адчуў, што такое перасьлед студэнтаў за палітычную дзейнасьць. Ён вучыцца ў Літве, едзе працягваць вучобу ў Польшчу і вярнуцца ў Беларусь ня можа”.

(Шаркоў:) “Шмат людзей, маіх сяброў, павыключалі з унівэрсітэтаў, інстытутаў, і яны зараз, -- хто ў Польшчы, хто ва Ўкраіне, хто прыехаў у Літву. Ёсьць такія людзі, ім патрэбная дапамога...”

(Поклад:) “І такія людзі -- тыя, хто ведае, прынамсі, ангельскую мову, могуць дапамагчы сабе самі, -- падаваць свае заяўкі не ў камітэтэт дапамогі, а зьвяртацца самім адразу ва адукацыйныя фонды, якія сёлета адмыслова для беларусаў распачалі праграмы падтрымкі.

Адныя праграмы больш вядомая, -- такія, да прыкладу, як праграма Каліноўскага, пра іншыя чулі нямногія. Гэты расповяд – пра малавядомую праграму, якая грунтоўна фінансуецца.

Праграма Libertas Support Fund ад 1 верасьня адкрылася ў Нідэрляндах. Я патэлефанавала ў Амстэрдам кіраўніку праграмы Даніэлу ван Акэну (Daniel van Aken).

(Акэн:) “Гэтая праграма нідэрляндзкай арганізацыі для міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэры вышэйшай адукацыі, -- назва арганізацыі “Nuffic”, -- створаная з мэтай дапамагчы студэнтам, якім немагчыма альбо надзвычай цяжка вучыцца ў роднай краіне з-за палітычнай сытуацыі”.

(Поклад:) “Варта дадаць таксама, што гэтая праграма – для энэргічных і самастойных студэнтаў, таму што патрэбны ім унівэрсітэт яны павінны знайсьці самі. У кожным выпадку, за мяжу едуць вучыцца паводле уласнага жаданьня, у выніку сур''ёзнага рашэньня, таму тут ад студэнтаў чакаюць актыўнасьці.

Перад тым, як запаўняць заяўку на удзел у гэтай праграме, трэба самастойна знайсьці вну ў Нідэрляндах, дзе можна працягнуць навучаньне па сваёй спэцыяльнасьці, -- той, якая вывучалася ў Беларусі, -- але ўжо на ангельскай мове. Навучальная установа павінна таксама адпавядаць пэўным крытэрыям праграмы, але выбіраць ёсьць з чаго.

Калі абраная вну пагодзіцца прыняць студэнта і пацьвердзіць яго кандыдатуру на атрыманьне фінансавай дапамогі, можна дасылаць заяўку у Libertas Support Fund. Форма заяўкі і пералік копіяў тых папераў, якія варта дадаць да заяўкі, ёсьць ў інтэрнэце (http://www.nuffic.net/common.asp?id=2198&instantie=0). Таксама там падаецца адрас электроннай пошты і нумары тэлефонаў, якімі можна скарыстацца, калі ў вас ёсьць пытаньні.

І далей адразу пачнецца вучоба па спэцыцяльнасьці, бо, як памятаеце, паводле умоваў, трэба ведаць ангельскую і моўных курсаў ня будзе.

Цікава было б распытаць каго-небудзь з тых, хто падаў заяўку у Libertas Support Fund і будзе працягваць перарванае ў Беларусі навучаньне у Галяндыі. Але пакуль такіх людзей папросту няма, хаця праграма абвешчаная амаль два месяцы таму”.

(Акэн:) “Мы не атрымалі дасюль яшчэ ніводнай заяўкі. Але час яшчэ ёсьць, праграма дзейнічае ад 1 верасьня 2006-га да 31 жніўня 2007-га году. Умовы былі абвешчаныя ў ліпені. Студэнт спачатку павінен зьвярнуцца ў навучальную установу, якая яму прыдаецца, і паведаміць ім, што будзе зьвяртацца ў наш фонд. Калі атрыманая згода, трэба падаваць заяўку нам. Мы атрымалі вельмі шмат пытаньняў на наш адрас электронаай пошты. Гэта пераважна звычайныя запыты, просьбы пра больш падрабязную інфармацыю. Заяўкі можна падаваць і ў верасьні, і цягам ўсяго акадэмічнага году ў 2007-м. Так што, няма прычыны сьпяшацца”.

(Поклад:) ”Аднак жа варта адзначыць, што навучальны год у Нідэрляндах пачынаецца напрыканцы жніўня. На сайце “Nuffic” ёсьць асобныя парады, як падрыхтавацца да вучобы ў Нідэрляндах і вось жа там напісана: “Пачынайце плянаваць свой прыезд прынамсі за год наперад”. Адказ на сваю заяўку можна атрымаць цягам шасьці тыдняў пасьля таго, як дасланыя усе анкеты, формы і копіі дакумэнтаў, так што, як найменей, адзін месяц гэтага навучальнага году ўжо страчаны. Зрэшты, гэта толькі мае засьцярогі, а кіраўнік праграмы, як мы чулі, лічыць, што няма з-за чаго хвалявацца.

Каб паехаць вучыцца ў Нідэрлянды па праграме для беларускіх студэнтаў, грошы не патрэбныя – толькі веды і актыўнасьць. Трэба так ведаць ангельскую, каб можна было адразу пачаць вучобу, і, бадай, галоўная складанасьць, -- самому знайсьці патрэбнае вну – каб адпавядало яно патрабаваньням і студэнта, і праграмы, і каб згадзілася студэнта прыняць. Вядома, дзякуючы інтэрнэту, усё гэта можна зрабіць цалкам самастойна. Падрабязныя кансультанцыі даюць і супрацоўнікі праграмы, якія – як я сама пераканалася, – адказваюць на электронныя лісты хутка, прафэсійна, падрабязна. Як раяць студэнты з “замежным” досьведам, ніколі ня трэба баяцца задаць пытаньне ці папрасіць парады”.

Ад аўтара перадачы:

Калі я не спыталася ў госьця перадачы пра ўсё, што вас цікавіць, вы можаце патэлефанаваць яму альбо напісаць самі (Даніэл ван Акэн (Daniel van Aken), кіраўнік праграмы для беларускіх студэнтаў Libertas Support Fund, тэл: + 31704260260, адрас эл.пошты hoost@nuffic.lt). Калі ж вы маеце прапановы, заўвагі, пытаньні да аўтара перадачы, то іх таксама можна даслаць па электроннай пошце на мой адрас pokladt@yahoo.co.uk
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG