Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б прэзыдэнт Лукашэнка ведаў, што адбываецца на месцах, дык жахнуўся б”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 6 верасьня).

Ёсьць на Гарадзеншчыне, у маляўнічых наднёманскіх мясьцінах Лідзкага раёну, невялікі горад Бярозаўка. Адзінае буйное прадпрыемства ў ім — шклозавод, ад якога у большай ці меншай ступені залежыць дабрабыт усіх мясцовых жыхароў, паколькі іншых значных працадаўцаў у рэгіёне няма. На шклозаводзе працуе і аўтар ліста на “Свабоду”, зь якога пачну сёньняшнюю размову.

Падпісаўся слухач як Алег Александровіч (імя, відавочна, выдуманае — на тое ёсьць зразумелыя прычыны). У сваім лісьце ён так піша пра сытуацыю на заводзе:

“Пайшоў наш цэх у адпачынак, зьявіўся вольны час. Мы з жонкай вырашылі за гэтыя некалькі тыдняў зрабіць дома рамонт. Разьлічвалі на “адпускныя”. Большасьць рабочых нашага заводу жыве, як кажуць, ад зарплаты да зарплаты, бо заробкі маленькія. У адпаведнасьці з законам, грошы нам павінны выплаціць у трохдзённы тэрмін пасьля пачатку адпачынку. На гэта я і разьлічваў. А што атрымалася?

Да заводзкага банкамату я хадзіў цэлы месяц. Ведаеце, станавілася неяк сьмешна і сумна, калі дзясяты і дваццаты раз банкамат паказваў на маім і жончыным рахунках нулі. А сьцены і дзьверы заводу тым часам завешаныя стракатымі плякатамі “За квітнеючую Беларусь!”, “За працоўную Беларусь!”, “За заможную Беларусь!”

Заробленыя грошы мне ўдалося атрымаць толькі праз два тыдні пасьля адпачынку. Адказ на ўсе прэтэнзіі адзін: у заводу цяжкасьці з грашыма. Затое на прахадной заводу і ў заводакіраўніцтве ідзе эўрарамонт. Тым часам на самім заводзе, у цэхах няма часам самага неабходнага — напрыклад, электрычных разэтак. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі наш дырэктар папярэджваў: “Спадзяюся, вы ведаеце, за каго трэба галасаваць. Як Бярозаўка прагаласуе, такая ёй будзе і дапамога ад улады”. Перамог, як вядома, той чалавек, на якога намякаў дырэктар. Але дапамогі пакуль не відаць — акрамя паказухі на прахадной у выглядзе эўрарамонту”.

У Беларусі нямала такіх невялікіх гарадкоў, якія цалкам залежныя ад аднаго буйнога прадпрыемства, разьмешчанага на іхнай тэрыторыі. Многія з гэтых заводаў маральна і фізычна састарэлі, выпускаюць не запатрабаваную на рынку і неканкурэнтаздольную прадукцыю. Улада імкнецца захаваць такія горадаўтваральныя прадпрыемствы, зусім слушна апасаючыся, што ў іншым выпадку давядзецца сутыкнуцца з масавым беспрацоўем і мноствам іншых сацыяльных праблемаў. Пытаньне ў тым, якім шляхам гэта спрабуюць зрабіць.

Як правіла, схема адна: дзяржава адмаўляецца ад прыватызацыі альбо продажу прадпрыемства, пакідае за сабой кантроль над ім і дае на нейкі пэрыяд падатковыя ды іншыя льготы. Гэта дазваляе прадпрыемству існаваць, выплачваць нейкія невялікія заробкі, але ні пра новыя тэхналёгіі, ні пра пераабсталяваньне размова ісьці ня можа. І наўрад ці, спадар Александровіч, у доўгатэрміновай пэрспэктыве такі падыход можа прывесьці да росквіту вашага заводу і ўсёй Бярозаўкі.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Гэтым разам слухач апісвае некаторыя падрабязнасьці сёлетняга жніва ў той мясцовасьці, дзе жыве:

“Калі б прэзыдэнт нашай дзяржавы ведаў, што адбываецца на месцах, дык, напэўна, жахнуўся б. Пасьля апрацоўкі зерня застаюцца адкіды. І вось гэтыя адкіды раней насельніцтву прадавалі за пяць тысяч рублёў за тону. Людзі гэту мякіну ў перамешку зь зернем дзедаўскім спосабам правейвалі і атрымлівалі зерне для курэй і сьвіней. Ці ў сенаж высыпалі. Сёлета каля вёскі Асавая зь Ляхаўцаў навазілі ня толькі адкідаў, але і зерня чыстага… Адныя кажуць: “Трэба гэта сфатаграфаваць”. Іншыя дзякуюць аграному, што ў выніку збожжа назапасілі на цэлы год. З аднаго вядра сьмецьця можна выбраць 500 грамаў зерня. Некаторыя такім чынам здабылі зерня больш, чым са сваіх участкаў.

Атрымліваецца, па валу калгасы ўбралі шмат, а на выхадзе — мізэр. Паміж Ляхаўцамі і Маларытай ёсьць звалка, там таксама гэтыя адкіды. Смурод ля вёскі невыносны. Называецца — убіраюць… Каб усё гэта не забірала насельніцтва, яго проста закопваюць зямлёй. Дык гэта на прыкладзе адной гаспадаркі. А колькі ў нас такіх у Беларусі. Многія кажуць: “Такой безгаспадарчасьці яшчэ ня бачылі”.

Няцяжка здагадацца, спадар Сац, чаму так атрымалася. Амаль увесь жнівень у Беларусі ішлі дажджы. Зерне ў такое надвор’е не вымалочваецца, ападае. Дый камбайны айчынныя далёкія ад дасканаласьці — вялікай эфэктыўнасьцю не вызначаюцца. Вядома, тое зерне, якое трапіла ў мякіну і доўга праляжала на зямлі, хлебазаводы ўжо ня возьмуць, і каштоўнасьць яго ня надта вялікая. Але ў добрага гаспадара і яно павінна ісьці ў справу. Вясковыя людзі гэта паказваюць на ўласным прыкладзе: на гэтых адкідах у прыватнага гаспадара будуць гадавацца і сьвінчо, і цяля, і куры… Чаму гэта ня здольны зрабіць уладальнік адкідаў — калгас? Канторскія начальнікі, напэўна, могуць назваць шмат прычынаў: маўляў, гэта і працаёмка, і тэхнікі адпаведнай няма, і рабочых рук не хапае… Але па сутнасьці ўсе прычыны зводзяцца да адной, галоўнай: адсутнасьці гаспадара, уласьніка, які б быў зацікаўлены ў тым, каб не прапаў ніводзін кіляграм вырашчанага ім самім хлеба.

Ліст ад нашага апанэнта Вячаслава Дулебы зь Менску.

“Ваша “Свабода” лье ваду на млын амэрыканскага імпэрыялізму. Чаму Амэрыка лічыць, што ёй дазволена ўмешвацца ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, якая разьмешчаная за дзясяткі тысяч кілямэтраў ад амэрыканскага кантынэнту? Чаму яна фінансуе вашу радыёстанцыю? Ці ёй няма куды падзець грошы? Нават дзіцяці зразумела, што гэта робіцца нездарма. Амэрыцы да ўсяго ёсьць справа — і да Аўганістану, і да Іраку, і да Палестыны, і да Ірану, і да Беларусі. Адусюль яна хоча пампаваць грошы, усім хоча валодаць. Паспрабуйце мне запярэчыць, калі зможаце, Валянцін Жданко. Але я ўпэўнены, што сказаць вам на гэта няма чаго”.

Вядома, спадар Дулеба, у сваёй зьнешняй палітыцы Злучаныя Штаты, як і любая іншая дзяржава, дбаюць найперш пра ўласныя эканамічныя і палітычныя інтарэсы. А галоўны інтарэс на міжнароднай арэне для яе — бясьпека і стабільнасьць. Ад якіх рэжымаў зыходзіць пагроза бясьпецы ў сьвеце? Як правіла, ад аўтарытарных і дыктатарскіх, якія ігнаруюць нормы міжнароднага права, становяцца базамі для міжнародных тэрарыстычных цэнтраў, імкнуцца завалодаць зброяй масавага зьнішчэньня, каб потым шантажаваць і суседзяў, і ўвесь сьвет. Так было і ў Аўганістане, і ў Іраку, так цяпер адбываецца вакол іранскай ядзернай праграмы.

Чаму гэтыя функцыі бяруць на сябе ЗША, а ня іншыя краіны? Адказ тут просты: Злучаныя Штаты на сёньня — самая магутная ў эканамічным і вайсковым пляне дзяржава сьвету. Іншыя краіны проста ня здольныя ўзяць на сябе такіх выдаткаў. Хоць ЗША пры вырашэньні практычна ўсіх міжнародных крызісаў далучаюць і іншыя дзяржавы, ствараючы шырокую кааліцыю.

Радыё Свабода створанае дзеля таго, каб дапамагчы насельніцтву тых краінаў, дзе пакуль не ўсталявалася дэмакратычная сыстэма кіраваньня, атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў гэтых краінах і ў сьвеце. Бо толькі добра інфармаваны чалавек здольны рабіць асэнсаваны выбар, і толькі ва ўмовах свабоды прэсы магчымая дэмакратыя. Урад Злучаных Штатаў ідзе на гэтыя выдаткі, бо хоча, каб шэраг свабодных краінаў пашыраўся, бо толькі такія краіны — стабільныя, прадказальныя, а значыць — бясьпечныя для сваіх суседзяў.

На заканчэньне — ліст з Барысава, ад Ганны Булай. Слухачка піша:

“Я — пэнсіянэрка, удава, інвалід 2-й групы. У чэрвені 2007 году, калі дажыву, мне споўніцца 75. Узялася за ліст да вас проста таму, што сустрэўся мне выпадкова ў дарозе добры і прыязны чалавек. Паднес мне рэчы, а на разьвітаньне даў на памяць каляндарык з раскладам вашых перадачаў і з адрасам. Ня ведаю яго імя, але ў памяці ў мяне ён застаўся. Прывітаньне яму. Няхай будзе на зямлі болей добрых людзей.

Сама я выхоўвалася яшчэ ў даваенных дзіцячых дамах. Родных ніколі ня бачыла і ня ведала. Для мяне і мамай, і татам былі дзяржаўныя выхавацелі й наглядчыкі. Многае мяне ў цяперашнім жыцьці хвалюе, абурае і зьдзіўляе. Не магу раўнадушна глядзець на жабракоў. Іх усё больш, асабліва ў буйных гарадах. І вельмі часта гэта зусім не лайдакі, ня п’яніцы. Проста так склаліся ў людзей абставіны. Ніколі не асуджаю іх, а стараюся дапамагчы. Хоць што я магу для іх зрабіць?”

Часам найвялікшая дапамога пакрыўджаным і зьняважаным людзям — проста слова спагады й падтрымкі. Мне здаецца, спадарыня Булай, што якраз такую дапамогу гэтыя людзі ад вас атрымліваюць. Дзякуй вам за цёплыя словы. Жывіце доўга, і няхай болей на вашым шляху будзе людзей добрых і спагадлівых.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG