Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе нараджаецца ўсё менш дзяцей


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Газэта “International Herald Tribune” піша сёньня пра тое, што ў Эўропе, як Заходняй, так і Усходняй, нараджаецца ўсё менш дзяцей. У матар’яле праскага карэспандэнта штодзёньніка адзначаецца, што узровень нараджальнасьці на старым кантынэнце дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню, паставіўшы пад пагрозу будучае пэнсійнай сыстэмы.

“International Herald Tribune” піша, што шмат у якіх краінах Эўропы пажылых людзей ужо больш, чым маладых. У Эўрапейскім зьвязе падлічылі, што з-за нізкага ўзроўню нараджальнасьці да 2030 году ў аб’яднанай Эўропе будзе не хапаць 20 мільёнаў працаўнікоў.

Прычым іміграцыя ў краіны Эўразьвязу, на якую ўжо цяпер эўрапейцы глядзяць неадназначна, не дапаможа вырашыць гэтую праблему – краіны аб’яднанай Эўропы нават калі б і хацелі, дык папросту ня ў стане інтэграваць у свае грамадзтвы такой колькасьці замежнікаў.

Паводле газэты, у Эўропе жанчыны ўсё пазьней нараджаюць дзяцей ці ўвогуле гэтага не робяць, бо яны становяцца ўсё больш адукаванымі і маюць лепшыя пазыцыі на рынку працы.

Рэзка зьнізіўся ўзровень нараджальнасьці і посткамуністычных краінах, дзе сытуацыя што да эканамічных варункаў для нараджэньня дзіцяці і дапамогі дзяржавы, значна зьмянілася. Пры гэтым, як адзначае газэта ўплыў на гэта мае таксама той фактар, што маладыя жыхары ўсходнеэўрапейскіх краінаў маюць цяпер магчымасьці працаваць, вучыцца, рабіць кар’еру ў краінах Заходняй Эўропы – тое, чаго ня мелі іхныя бацькі і таму адкладаюць нараджэньне дзяцей на пазьнейшы тэрмін.

У Чэхіі, Славакіі, Латвіі і Польшчы ўзровень нараджальнасьці самы нізкі ў сьвеце і ў гісторыі гэтых краінаў – 1,2 дзіцяці на адну жанчыну – гэта вельмі далёка ад лічбы 2,1 – столькі дзяцей павінна прыпадаць на адну жанчыну, каб захоўваць цяперашнюю колькасьць насельніцтва ў Эўропе.

“International Herald Tribune” піша, што нізкая нараджальнасьць становіцца палітычнай праблемай – улады шэрагу эўрапейскіх краінаў пачынаюць ліхаманкава шукаць спосабаў заахвоціць да нараджэньня дзяцей.

Напрыклад, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель правяла ў парлямэнце адмысловы пакет законаў аб дапамозе працуючым маці, парлямэнт Чэхіі ўхваліў падвышэньне ўдвая грашовую дапамогу для маладых маці, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Францыя прапаноўвае жанчынам выплату каля тысячы эўра штомесяц цягам году, калі яны народзяць трэцяе дзіця.

“Некаторыя дэмографы спадзяюцца, што эўрапейскія жанчыны, якія адмовіліся ад нараджэньня дзіцяці 10 гадоў таму дзеля кар’еры, зробяць гэта цяпер. У некаторых краінах нават маюць месца кароткатэрміновыя пэрыяды, калі падвышаецца ўзровень нараджальнасьці, але праблема занадта вялікая, каб гэта магло паўплываць на яе вырашэньне. Дэмаграфічная праблема, паводле экспэртаў, можа быць сур’ёзнай перашкодай у эканамічным разьвіцьці Эўрапейскага зьвязу”, - напісала газэта “International Herald Tribune”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG