Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партнэрства: яшчэ двое застаюцца за кратамі


Любоў Лунёва, Менск Сёньня вызваленыя сябры “Партнэрства” Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка правялі прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную лёсу сваіх зьняволеных сяброў. Разам зь імі былі родныя вязьняў Цімафея Дранчука і Міколы Астрэйкі.

Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая паведамілі, што будуць змагацца за вызваленьне сваіх сяброў Міколы Астрэйкі і Цімафея Дранчука. Яны заявілі, што іх незаконна трымалі пад вартай. Сьледчыя іх абвінавачвалі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў.

Як доказы таго, што актывісты “Партнэрства” намагаліся ўвесьці ў зман выбаршчыкаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі, на БТ прадэманстравалі тры паперы: старонку тэксту на блянку кампаніі Gallup/Baltic Surveys, на якой нібыта былі зьвесткі пра колькасьць галасоў за кандыдатаў, зьвесткі пра колькасьць прагаласавалых датэрмінова, а таксама табліцы з вынікамі выбараў прэзыдэнта.

Суд высьветліў, што паперы не знайшлі дакумэнтальнага пацьверджаньня й таму іх прыбралі з крымінальнай справы. Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку пакаралі толькі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Аляксандар Шалайка заявіў, што сьледчыя не перакваліфікавалі артыкулу, каб трымаць іх пад вартай.

(Шалайка: ) “Паводле 193-га артыкулу часткі 2 можна трымаць чалавека пад вартай да суду. Калі б ад самага пачатку абвінавачаньне прад’яўлялася паводле 193-га артыкулу (дадатак), то мы маглі б зрабіць такую прэс-канфэрэнцыю — я думаю, праз пару дзён пасьля таго, як нам прад’явілі б абвінавачаньне. Мы маглі б адказаць на тое, што пра нас гаварылі на беларускім тэлебачаньні. Там згадваліся самыя розныя патэнцыйныя артыкулы. Выпусьціць нас у той перыяд азначала, што грамадзтва пачуе праўду. З такім жа посьпехам можна пайсьці садзіць дрэвы і казаць, што мы група “Сонейка” — і нас таксама маглі пасадзіць на некалькі гадоў”.

Бацькі Міколы Астрэйкі й Цімафея Дранчука вельмі непакояцца за здароўе дзяцей. У камэрах у вокнах няма шыбаў — іх паставяць толькі ад пачатку ацяпляльнага сэзону. Гаворыць маці зьняволанага Яўгенія Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Атрымлівае шмат лістоў, кажу ўсім — дзякуй. Паліна хутка народзіць дзяўчынку, народзіць адна, бяз мужа. Ён там за кратамі й сам хвалюецца. Мы спадзяемся, што тыя судзьдзі, што будуць судзіць, — у іх таксама ёсьць дзеці, унукі”.

Сёньня сыну Цімафея Дранчука споўнілася 5 месяцаў. Яго жонка Вольга Анцыповіч спадзяецца на судзьдзяў вышэйшай інстанцыі:

(Анцыповіч: ) “За гэтыя 5 месяцаў Цімафей бачыў яго толькі раз, калі я прынесла яго на суд і паказвала яго праз краты. Гэта, канечне, вельмі страшна. Вельмі стамілася ад таго, што кожны дзень пішу Цімафею вялікія лісты, у якіх распавядаю, што новага навучыўся рабіць Платон, як выглядае, як падрос… Дасылаю фатаздымкі, каб хаця б на фатаздымках Цімафей бачыў, як расьце сын. Адзінае, на што цяпер можна спадзявацца, гэта на тое, што ў гарадзкім судзе працуюць больш прафэсійныя судзьдзі й валодаюць яшчэ й чалавечымі якасьцямі”.

Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч паведаміў, што праваабаронцы зьвярнуліся да міжнародных праваабарончых арганізацыяў, а таксама ў Камітэт у справе катаваньняў ААН.
XS
SM
MD
LG