Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя бацькі і школы да новага навучальнага году?


Іна Студзінская, Менск Звычайныя жнівеньскія клопаты бацькоў – як апрануць, абуць дзіця ў школу, бо за лета яно істотна вырасла, дзе набыць партфэль ці заплечнік, школьныя прыналежнасьці, падручнікі. Сёлета яшчэ адна праблема дадалася – абавязковы дзелавы стыль адзеньня. Колькі каштуе выправіць школьнікаў у школу? Ці ёсьць праблемы з асартымэнтам?

Сталічны ГУМ. Цэлае крыло аддадзенае пад адзеньне і абутак для школьнікаў. Перад пачаткам навучальнага году тут натоўп, ў прымерачныя і да касаў – чэргі.

(Спадарыня: ) "Вельмі дарагі дзіцячы абутак".

(Жанчына: ) "57 тысяч за чаравікі – гэта наагул!"

(Спадарыня: ) "Тым больш не адну пару абутку трэба: і спартовы, красоўкі, і туфлі. А боты зімовыя – 70-100 тысяч, гэта наагул, звар''яцець. І маленькая, мізэрная зарплата".

(Спадарыня: ) "Адзеньне для дзіцяці вельмі дарагое. Сто зь нечым тысяч за камплект – дорага".

(Карэспандэнтка: ) "Наагул, каб апрануць і адправіць дзіця ў школу – у якую суму гэта абыдзецца?"

(Спадарыня: ) "Ой, дорага, пэнсіі маёй у 300 тысячаў ня хопіць, а ў бацькоў заробкі вельмі малыя".

(Спадарыня: ) "Калі адзін дзіцёнак – яшчэ сяк-так. А двое-трое – вельмі дорага, я лічу".

(Жанчына: ) "Купіце зімнія боты, восеньскія, туфлі, басаножкі, красоўкі – гэта абавязкова трэба. І яшчэ абутак на зьмену".

(Спадарыня: ) "Вельмі цяжка. Трэба браць нейкую дапамогу, крэдыт".

(Карэспандэнтка: ) "Як вам асартымэнт, кошты?"

(Жанчына: ) "Ніякага асартымэнту. Гэта ўжо трэцяя крама, і мы знайсьці свой памер ня можам. Выбару ніякага. А на кошты нават і не глядзелі. Якая размова можа быць пра кошты, калі выбару няма?"

(Спадарыня: ) "Вельмі дорага. Зараз я з сабой узяла 250 тысяч, гэта толькі на 1 верасьня. Ну, а далей яшчэ два разы па 250".

(Жанчына: ) "Як жыць? Амаль 100 тысяч аддалі толькі за школьныя прыналежнасьці, а яшчэ спартовую форму купіць, касьцюм. Мінімум бярэм – гэта патрэбна 300-350 тысяч. Я наагул ня ведаю, як маці-адзіночцы адправіць дзіця ў школу, калі ніякай дапамогі ніадкуль няма. Вось чаму наш бацька не дае дапамогі?"

Дзелавы касьцюм беларускай вытворчасьці для хлопчыка каштуе ад 70 да 120 тысяч. Ёсьць гігіенічныя патрабаваньні для дзіцячага адзеньня: ня больш за 35% сынтэтыкі для верхняй тканіны, а падкладка павінна быць цалкам з натуральных тканінаў. Беларускія фабрыкі такога адзеньня амаль не выпускаюць. Больш-менш прыймальны па складу імпартны касьцюм (45% воўны, па 25 – бавоўны й віскозы) у гандлёвым цэнтры "Люстэрка" каштуе 175 тысяч. Кашуля для хлопчыка (35% бавоўна, 65 – паліэстр) беларускай вытворчасьці абыдзецца вам ад 16 да 22 тысяч. Чыстая бавоўна, імпартная – у 66 тысяч.

Пра кошты на абутак чулі. Нятанныя і сшыткі, вокладкі, алоўкі, асадкі... Намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно назваў наступную лічбу: каб выправіць дзіця ў школу, трэба як мінімум 500 тысяч рублёў. Такую ж суму называе і эканаміст Міхал Залескі.

(Залескі: ) "У мяне зараз малы ідзе ў школу, і лічба абсалютна рэальная: трэба больш за 500 тысяч. У маёй сям''і, да прыкладу, школьнікаў двое. Зараз вопратка патрэбна ўніфікаваная і гэтак далей".

Ці гатовыя школы прыняць дзяцей, ці адрамантаваныя, як аснашчаныя? Чыноўнікі Міністэрства адукацыі паўтараюць, што яны катэгарычна супраць "пабораў". Але як выказаўся намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно, школы двума рукамі "за дапамогу, якую бацькі аказваюць установам адукацыі".

(Фарыно: ) "Бацькі могуць аказаць дапамогу дабрачынна. І ёсьць такія бацькі, шмат такіх прыкладаў. Але мы супраць таго, каб былі гвалтоўныя мэтады збору грошай: маўляў, прынясіце столькі на рамонт клясаў. Міністэрства адукацыі катэгарычна супраць гэтага".

Але не сакрэт: грошы ўсё ж зьбіраюць. Распавядае настаўніца адной з сельскіх школ:

(Настаўніца: ) "Канечне, з высокіх трыбун нам кажуць, што мы не павінны зьбіраць грошы. Але насамрэч калі я сама не пафарбую парту, не пафарбую раму, нічога ня будзе. Мы імкнёмся рабіць выгляд, што зьбіраюць самі бацькі. Я ня ведаю, як у іншых школах, але ў маёй калі дзьве банкі фарбы дадуць на школьныя калідоры, гэта добра. А ў клясах мы ня бачылі ні кроплі той фарбы".

Што да сучаснага абсталяваньня, аснашчэньня кабінэтаў, матэрыяльнай базы школы, эканаміст Міхал Залескі выказаў такое меркаваньне:

(Залескі: ) "Цяперашняя матэрыяльная база не адпавядае патрэбам пасьлязаўтрашняга дня, для якога мы пачынаем рыхтаваць дзяцей сёньня. Вось у чым драма. Ня тое, што ў школах – у вышэйшых навучальных установах няма тых тэхналёгіяў навучаньня, якія адпавядаюць тэхналёгіям лепшых белпрадпрыемстваў. Людзі вывучаюць учорашні дзень".

Безумоўна, ёсьць у краіне ўзорныя гімназіі, ліцэі, дзе сапраўды сучасныя кампутары, кабінэты. Што да сельскіх школ – паслухаем настаўніцу:

(Настаўніца: ) "Гаварыць пра якаснае сучаснае абсталяваньне не даводзіцца. Ёсьць новая кампутарная кляса, але ў ёй ўсяго 6 кампутараў. І правесьці адпаведны ўрок з 20 вучнямі ў клясе з шасьцю кампутарамі складана. Усё старое, у большай сваёй частцы аджыло сваё".

Вось і даводзіцца самім настаўнікам многае набываць за свае грошы, нягледзячы на чыста сымбалічныя выплаты на набыцьцё мэтадычнай літаратуры.

(Настаўніца: ) "Нам на мэтадычную літаратуру выплачваюць 7 тысяч 500 рублёў. Гэта, канечне, сьмешныя грошы. Я выкладаю "Ўсясьветную мастацкую культуру". І даводзіцца альбомы па мастацтву, відэа-, аўдыёзапісы купляць за свае грошы. Апошнім часам зьяўляюцца добрыя кампакт-дыскі, мы таксама іх купляем за свае грошы. Гэта, канечне, складана".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі зараз зарабляюць настаўнікі?"

(Настаўніца: ) "Ведаеце, настаўнікі таксама зарабляюць па-рознаму. Цяжэй за ўсё маладым спэцыялістам. Зарплата ў іх не перавышае тысяч 200 – 250. Таму бальшыня зь іх імкнецца адпрацаваць два гады і пакінуць школу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG