Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады пасьля Бэслану няма згоды наконт акалічнасьцяў трагедыі


Юры Дракахруст, Прага Два гады таму ў расейскім горадзе Бэслан у Паўночнай Асэтыі тэрарысты захапілі школу, узяўшы ў закладнікі вучняў і настаўнікаў. Крызыс з закладнікамі працягваўся тры дні і скончыўся трагедыяй – гібельлю 330 закладнікаў. Напярэдадні гадавіны Бэсланскай трагедыі ў Расеі былі абнародаваныя некаторыя дадзеныя незалежнага дасьледаваньня тагачаснага крызісу з закладнікамі. Гэтыя высновы істотна адрозьніваюцца ад афіцыйнай вэрсіі падзеяў. Аднак вэрсія, агучаная дэпутатам Дзярждумы Юрыем Савельевым, выклікала шмат крытыкі і пярэчаньняў.

Самым загадкавым і незразумелым ў падзеях, што здарыліся ў паўночнаасецінскім горадзе два гады таму, былі абставіны штурму школы, захопленай тэрарыстамі. У школе знаходзіліся больш за 1000 закладнікаў, падчас штурму загінула траціна зь іх, пераважна дзяцей.

Гэта адбылося 3 верасьня, праз два дні пасьля таго, як тэрарысты захапілі школу. Паводле афіцыйнай вэрсіі, спэцназ пайшоў на штурм, калі ў будынку адбыўся выбух, таксама сьцьвярджалася, што пажар у школе ўзьнік не з прычыны яе абстрэлу войскамі.

Парлямэнцкая камісія па дасьледаваньні Бэсланскага крызысу, кіраваная дэпутатам Аляксандрам Торшыным, мяркуе абнародаваць сваю справаздачу ў верасьні. Аднак адзін зь сябраў камісіі, дэпутат Дзярждумы Юры Савельеў днямі самастойна выступіў з уласным паведамленьнем. Гэты дакумэнт налічвае 700 старонак і больш чым 300 фотаздымкаў.

Савельеў кажа, што напачатку сам зыходзіў з афіцыйнай вэрсіі. Але потым прыйшоў да высновы, што падзеі разьвіваліся інакш, закладнікі распавядалі, што выбухі адбыліся ў зусім іншых месцах будынку, чым тыя, якія называліся ў афіцыйных справаздачах.

Савельеў сьцьвярджае, што напачатку штурму па будынку школы звонку былі зробленыя два стрэлы – адзін з гранатамёту, другі – з агнямёту. Паводле дэпутата рашэньне аб штурме было прынятае загадзя, але ўлады хацелі стварыць уражаньне, што атака пачалася ў адказ на дзеяньні захопнікаў.

Паведамленьне Савельева выклікала супярэчлівыя ацэнкі. Іх ухваліў прадстаўнік паўночнаасецінскага парлямэнта Станіслаў Кейсаеў, які сказаў, што Савельеў ў сваім аналізе пакладаўся на ўласныя веды, як экспэрт па зброі і матэматык.

Прадстаўніца Камітэту мацярок Бэслану Эла Кейсаева кажа, што высновы Савельева супадаюць з вынікамі яе ўласнага дасьледаваньня.

Але ёсьць і іншыя ацэнкі. Аркадзь Баскаеў, які, як і Юры Савельеў, зьяўляецца сябрам парлямэнцкай камісіі па Бэслану, кажа, што высновы Савельева не адпавядаюць фактычным дадзеным. Паводле Баскаева, экспэртызы, якія былі праведзеныя, каб вызначыць прычыны выбухаў, выключаюць той сцэнар разьвіцьця падзеяў, пра які гаворыць Савельеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG