Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі суд апраўдаў сябра БНФ Максіма Буйніцкага (абноўлены)


Галіна Абакунчык, Менск Суд Ленінскага раёну Бабруйску апраўдаў сябра БНФ Максіма Буйніцкага. Спадар Буйніцкі быў затрыманы падчас акцыі пратэсту, якую 31 жніўня перад будынкам гарвыканкаму праводзіў Алесь Чыгір. Настаўнік і дэпутат гарсавету Алесь Чыгір заяўляе, што ён і Максім Буйніцкі засталіся на свабодзе дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы незалежных мэдыяў.

Суд над Максімам Буйніцкім распачаўся яшчэ ўчора, у дзень затрыманьня. Але судзьдзя Натальля Чарануха адклала слуханьні – у зьвязку з супярэчнасьцю сьведчаньняў міліцыянтаў і пратаколу адміністрацыйнага арышту.

Сёньня ўсё паўтарылася наноў, і Максім Буйніцкі быў апраўданы, бо суд ня ўгледзеў у ягоных паводзінах адміністрацыйнага правапарушэньня. Вось як гэта спадар Буйніцкі пракамэнтаваў для Радыё Свабода:

(Буйніцкі: ) “Напружаньне спэцслужбаў у Бабруйску ня меншае, чым перад выбарамі, бо ў нас плянуецца правядзеньне "Дажынак". А чаму мяне апраўдалі? Я разумею так, што сыстэма дала збой. Гэта самае дакладнае вызначэньне”.

Нагадаю: настаўнік гісторыі Алесь Чыгір ланцугамі прывязаўся да слупа недалёка ад будынку гарвыканкаму на знак пратэсту супраць звальненьня са школы за ўдзел у палітычных падзеях падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Разам зь ім затрымалі 10 журналістаў розных незалежных выданьняў, якія асьвятлялі падзею, у тым ліку агенцыі БелаПАН, газэты “Наша Ніва”, “Салідарнасьць”, Радыё Свабода.

Пазьней Алеся Чыгіра адпусьцілі, але сёньня супрацоўнікі міліцыі ізноў патрабавалі пісьмовых тлумачэньняў. У адпаведнасьці з дэпутацкім статусам, адміністрацыйную справу адносна дэпутата Чыгіра будзе разглядаць пракуратура. Тым ня менш, Алесь Чыгір перакананы: ён і Максім Буйніцкі застаюцца на свабодзе ў значнай ступені дзякуючы падтрымцы незалежных мэдыяў.

(Чыгір: ) “Я ўпэўнены, што мы цяпер з Максімам знаходзімся на волі, на 90% дзякуючы журналістам незалежных СМІ, якія прыехалі й падтрымалі нас. Магчыма, мясцовыя ўлады напалохаў той інфармацыйны паток, які ўчора ішоў з Бабруйску”.

Як паведаміў "Свабодзе" Алесь Чыгір, цяпер ён рыхтуецца зьвярнуцца ў суд з прапановай прызнаць дзеяньні Ўправы адукацыі Бабруйскага выканкаму незаконнымі й аднавіць яго на працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG