Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залевы спрычыніліся да сацыяльнага пратэсту


Севярын Квяткоўскі, Менск Менскае ДАІ папярэдзіла, што ў бліжэйшыя дні шэраг сталічных дарог можа апынуцца пад вадой – адрэзкі Нямігі, Харкаўскай, праспэкту Дзяржынскага ды іншых. Летась, пазалетась было тое самае. І ў іншых гарадах геаграфія заліўных вуліц не зьмяняецца апошнія дзесяцігодзьдзі. У Залінейным раёне Барысава ізноў падтопленыя некаторыя дамы тых, хто перакрываў напачатку жніўня чыгунку з патрабаваньнем ад уладаў вырашыць праблему затапленьняў. А ў райцэнтры Акцябар Гомельскай вобласьці цэлы дом апынуўся пад дажджом бяз даху .

Па Беларусі абвешчанае штармавое папярэджаньне, дзяржаўтаінспэкцыя праз розныя СМІ закілкае кіроўцаў устрымацца ад далёкіх паездак, а сыноптыкі прагназуюць дажджы на бліжэйшыя некалькі дзён. Каб высьветліць, як выглядае агульная карціна па краіне, мы зьвярнуліся ў Цэнтар рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі Беларусі. Вось адказ дзяжурнага:

(Дзяжурны: ) “На ўзбраеньне ставіцца тэхніка для адпампоўкі. Ёсьць частковыя выпадкі падтапленьня скляпеньняў. Разумееце, дождж ідзе, але ён нямоцны. Усё пад кантролем, калі хто зьвяртаецца, хутка адпампоўваем і ўсё”.

Менавіта ў зьвязку з залевамі ў горадзе Барысаве на пачатку жніўня адбылася стыхійная акцыя сацыяльнага пратэсту. Тры дзясяткі жыхароў Залінейнага раёну гораду амаль гадзіну перакрывалі рэйкі чыгункі, патрабуючы ад уладаў вырашыць праблему затапленьняў дамоў. Што там адбываецца цяпер? Мы зьвярнуліся да жыхаркі раёну Тацяны:

(Тацяна: ) “Залівае. У некаторых людзей вадзічка стаіць на падлозе. Паабяцалі матэрыяльную дапамогу і ўсё. Я кажу, штосьці трэба зрабіць, каб пасьля не залівала. А яны кажуць, што ў нас усё ў парадку. Трэба вялікія сродкі, каб там усё перарабляць”.

У райцэнтры Акцябар вада патрапляе ў кватэры ня здолу – згары. А менавіта ў трохпавярховым доме нумар 81 па вуліцы Савецкай. У ліпені дах разабралі, каб надбудаваць новы, але праца стала і ня зрушылася да сёньня. Гаворыць жыхар дому Міхал:

(Міхал: ) “Яно ўсё так і стаіць разбуранае, ніхто там нават і не працуе”.

(Карэспандэнт: ) “А перад тым, як пачалі будаваць, цякло?”

(Міхал: ) “Можа ў якіх кутніх кватэрах вільгаць была, але не цякло нічога”.

У доме нумар 81 па вуліцы Савецкай жывуць і малыя дзеці, і пэнсіянэры. Міхал апісвае, як выглядае жыцьцё жыхароў дому на сёньняшні дзень:

(Міхал: ) “Гэта тазікі стаяць па ўсёй хаце ў кожнай кватэры. Цячэ і днём, і ў начы. Кожная кватэра ўжо патрабуе рамонту”.

Пацярпелыя былі на прыёме ў мясцовым выканкаме, дзе адно разьвялі рукамі. Акцябарцы пакуль не плянуюць акцыяў пратэсту, а рыхтуюць ганцоў у Менск – з прашэньнем у Адміністрацыю прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG