Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы “Дзеяслоў” друкуе невядомыя старонкі Быкава


Валянціна Аксак, Менск Выйшаў з друку дваццаць трэці нумар незалежнага літаратурна-мастацкага часопісу "Дзеяслоў", які зноў радуе чытачоў невядомымі старонкамі Васіля Быкава. Гэта адзінае выданьне, якое вось ужо трэці год запар друкуе спадчыну народнага пісьменьніка. А яшчэ віншуе зь юбілеямі жывых клясыкаў айчыннае літаратуры, пра якіх ня згадваюць дзяржаўныя выданьні.

Нумар забірае ўвагу імёнамі знаных паэтаў Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законьнікава і Ніла Гілевіча, які цяпер друкуе з працягам у “Дзеяслове” ня вершы, а аўтабіяграфічныя ўспаміны. Галоўны рэдактар часопісу Барыс Пятровіч гаворыць, што такое суквецьце імёнаў пад адною вокладкаю невыпадковае – днямі яны мелі круглыя даты свайго жыцьцяпісу.

(Пятровіч: ) “Добра, што ў нас ёсьць магчымасьць павіншаваць нашых старэйшых пісьменьнікаў зь юбілеямі, таму што сёньня практычна гэтага ня робіць ні адно выданьне беларускае, а выданьні холдынгу ўвогуле забыліся на існаваньне жывых клясыкаў нашае літаратуры”.

Аматараў гістарычных твораў парадуюць новая аповесьць вядомае майстрыхі гэтага жанру Вольгі Іпатавай “Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дубу” і дакумэнтальны нарыс Алега Латышонка “Штурм Рэчыцы войскамі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 году”.

Тыя ж, хто зь нецярплівасьцю чакае кожнага новага, не друкаванага раней твору Васіля Быкава, зноў будуць мець шчасьце сустрэчы зь любімым пісьменьнікам.

(Пятровіч: ) “У гэтым нумары мы зьмясьцілі яго дадаткі да “Доўгай дарогі дадому, а ў наступным, пятым нумары за гэты год, мы плянуем надрукаваць аповесьць Васіля Ўладзімеравіча “Бліндаж”, незакончаную ягоную аповесьць”.

Выхад новага нумару “Дзеяслова” амаль супаў па часе з высяленьнем Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара, дзе рэдакцыя часопісу сустракалася са сваімі аўтарамі. Там жа была і выстава ўсіх нумароў выданьня. Як адаб’ецца страта гэтых магчымасьцяў кантактаў з аўтарамі і чытачамі на далейшай дзейнасьці адзінага незалежнага літаратурна-мастацкага часопісу краіны? Меркаваньне галоўнага рэдактара:

(Пятровіч: ) “Не, гэта ніякім чынам не адаб’ецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG