Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паездкі “на бульбу”


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Успаміны студэнцкай пары зьвязаны перш ад усяго з паездкамі “на бульбу”. У верасьні заняткі доўжыліся пару дзён, пасьля чаго, нацягнуўшы на плечы ватоўкі і абуўшы літыя гумовікі, мы, студэнты, зьбіраліся на інстытуцкім двары і, пасьля кароткага мітынгу, лезьлі ў кодабы калгасных машын.

Першыя два тыдні звычайна зьбіралі вёдрамі бульбу, а потым уздымалі ды звозілі з палеткаў лён. Гэта была вясёлая пара: з п’янкамі, танцамі ў вясковым клюбе, любошчамі ў сьціртах саломы (увесь час, памятаю, былі праблемы з расшпільваньнем станіка) і бойкамі зь мясцовымі хлопцамі. Дарэчы, бойкі былі даволі зацятыя. Перападала нават выкладчыкам, якія ехалі “на бульбу”, каб сачыць за парадкам. На маёй памяці маладому дацэнту вяскоўцы разьбілі акуляры – падумалі, што студэнт.

Біліся толькі першы тыдзень. Потым ужо разам пілі чарніла і езьдзілі ў суседнюю вёску на танцы. Ехалі звычайна, набіўшыся ў трактарны вазок – той самы, на якім вазілі гной і на борце якога быў пагрозьлівы надпіс “Перавозка людзей забаронена!” Ехалі зь песьнямі, сьвістам, з гітарнымі пераборамі. Былі выпадкі, што такія паездкі закончваліся трагічна. У нас так загінула адна студэнтка. Тады, праўда, перакуліўся не трактарны вазок, а машына.

За месяц зараблялі прыкладна 50 рублёў. На рукі атрымлівалі менш, бо бралі ў калгасе аванс. Прыйдзем да старшыні і пачынаем румзаць: мыла няма, гумовікі прадзіравіліся, макаронных вырабаў няма за што купіць. Ён і выпіша па дзясятцы. Грошы гэтыя, вядома ж, ішлі на чарніла. Аднаго разу, застаўшыся без капейкі, вырашылі паставіць бражку. Пазычылі на фэрме бітон, укінулі дражджэй, пару слоікаў сочыва. Бітон закапалі на сушылцы ў цёплае збожжа – і праз тыдзень пакаштавалі напою. У выніку перапіліся да божай моцы, і нас ледзь не адлічылі з інстытуту.

Дзіўна, але хварэлі “на бульбе” зрэдку. Я толькі аднойчы прастудзіўся і цэлы дзень адляжаў у пасьцелі. Кабета, у якой быў на пастоі, паіла мяне малінаю і ўсё дзівілася: як гэта можна прастудзіцца такою цёплаю парой? Сама яна, аж да самых прымаразкаў, хадзіла па двары басанож.

Працавалі на вёсцы ўвесь верасень. Часам прыхоплівалі і кастрычнік, бо на палёх заставалася яшчэ шмат бульбы і лёну. Такім чынам, вакацыі працягваліся, лета для студэнтаў не канчалася.

Вось жа і наш “Летні альбом”, у якім засталося шмат неперагорнутых старонак, будзе, у памяць аб студэнцкай пары, гучаць увесь верасень. І аж да бабінага лета мы будзем згадваць на хвалях Радыё Свабода пра рэчы дэфіцытныя калісьці і сьмешныя сёньня.
XS
SM
MD
LG