Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будзе далей разьвівацца сытуацыя з іранскай ядзернай праграмай?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Cёньня завяршаецца тэрмін, які дала Рада бясьпекі ААН Ірану дзеля спыненьня яго ядзернай праграмы. У Радзе бясьпекі чакаюць справаздачы кіраўніка Міжнароднага агенцтва ў ядзернай энэргіі Махамэда эль Барадэя. Верагодна, што паведамленьне будзе адмоўным, бо няма ніякіх прыкметаў згоды Тэгерану з прапановамі міжнароднай супольнасьці. Якім можа быць разьвіцьцё крызысу вакол іранскай ядзернай праграмы?

За некалькі гадзінаў да паседжаньня Рады бясьпекі ААН прэзыдэнт Ірану ў выступе на іранскай тэлевізіі даў зразумець, што ня трэба чакаць ад Тэгерану станоўчага адказу.

(Ахмадзінэжад: ) “Наш народ любіць лёгіку і дыялёг. Дыялёг павінен быць справядлівым. Іран быў, ёсьць і будзе ў першых шэрагах барацьбітоў за мір. Іран ніколі не рабіў замаху на права іншай дзяржавы. Але Захад павінен ведаць – Іран ніколі не паддасца ціску і агрэсіі і ня зьмірыцца з парушэньнем яго ўласных правоў”.

31 ліпеня Ірану быў дадзены месяц, каб спыніць працу па ўзбагачэньні ўрану. У іншым выпадку Рада бясьпекі пакідала за сабой права ўвесьці эканамічныя і іншыя санкцыі. У сераду прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Шон МакКормак заявіў, што Вашынгтон будзе патрабаваць увядзеньня санкцыяў.

(МакКормак: ) “Ідэя цяпер палягае ў тым, каб пераканаць Іран памяняць сваю палітыку ў ядзерным пытаньні. Гэта – тое, чаго мы дамагаемся. Наступны крок – увядзеньне санкцыяў. Мы спадзяемся, што яны стануць сыгналам, выразным, жорсткім сыгналам для Ірану – міжнародная супольнасьць занепакоеная ўсур’ёз, і Тэгеран павінен памяняць свае паводзіны”.

Вашынгтон падкрэсьлівае, што Іран зноў кідае выклік міжнароднай супольнасьці. 21 жніўня Тэгеран забараніў міжнародныя інспэкцыі на заводзе ў Натацы, дзе вядуцца працы дзеля ўзбагачэньня ўрану, а 29 жніўня распачаў там новы этап у гэтых працах. Трыма днямі раней быў адкрыты завод для вытворчасьці “цяжкой вады”, якая выкарыстоўваецца ў ядзерных рэактарах.

Цяпер паўстае толькі адно пытаньне, ці змогуць дамовіцца ўсясьветныя дзяржавы адносна санкцыяў. Вашынгтон і Лёндан вядуць цьвёрдую лінію. Францыя і Нямеччына, якія маюць істотныя гандлёвыя сувязі зь Іранам, – больш памяркоўную. Расея і Кітай, якія палітычна і эканамічна больш цесна зьвязаныя з Іранам, працягваюць настойваць на дыпляматычным разьвязаньні крызысу.

Якія ж могуць быць санкцыі, таксама пакуль не зразумела. Магчыма, спачатку яны абмяжуюцца міжнароднай адмовай выдаваць уязныя візы асобам, зьвязаным зь ядзернай праграмай, і замарожваньні іхных актываў. Вашынгтон папярэдне заяўляў, што хацеў бы бачыць забарону на продаж ракет і ядзернай тэхналёгіі Ірану.

І, нарэшце, самае галоўнае: ці зможа хоць які варыянт санкцыяў прымусіць Тэгеран памяняць свае паводзіны? Пакуль што міжнародная супольнасьць чула ад іранскага лідэра толькі тое, што Іран “здольны абараніць свае правы і гатовы да ўсіх магчымых сцэнароў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG