Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ірляндыі беларускі акрабат загінуў падчас цыркавога шоў


Ігар Карней, Менск З Ірляндыі прыйшла трагічная навіна. Брытанскія мэдыі паведамляюць, што падчас цыркавога шоў у горадзе Скарыф на захадзе Ірляндыі загінуў беларускі артыст-клоун. 26-гадовы Віталь Храпавіцкі ўваходзіў у склад расейскай цыркавой трупы і, як паведамілі ў Беларускім дзяржаўным цырку, у Беларусі ніколі не працаваў. У часе прадстаўленьня пацярпела й ягоная жонка – пасьля падзеньня зь вялікай вышыні яна зламала руку.

У цыркавой трупе “Royal Russian Circus” паветраны акрабат-клоўн Віталь Храпавіцкі й ягоная жонка Аляксандра былі задзейнічаны ў рэпрызе з паветраным шарам. Паведамляецца, што ў момант, калі артыст выконваў нумар пад купалам шапіто, шар, да якога мацавалася жалезная трапэцыя, нечакана загарэўся. Практычна адразу ж уся мэталёвая канструкцыя пачала падаць з 6-мэтровай вышыні, ужо на арэне пахаваўшы пад сабой акрабата.

Інцыдэнт адбыўся на вачох гледачоў, сярод якіх бальшыню складалі дзеці. 26-гадовы гімнаст памёр па дарозе ў шпіталь, а ягоная 24-гадовая жонка-партнэрша зламала руку.

У Беларускім дзяржаўным цырку кажуць, што да іхнай установы Віталь Храпавіцкі ніколі й ніякага дачыненьня ня меў. Там удакладнілі: прафэсійныя гімнасты з постсавецкіх краінаў, рана застаючыся бяз працы, часта едуць у Расею, дзе ўладкоўваюцца ў цыркавых трупах. І падчас летніх гастроляў такія напаўаматарскія цыркі з Усходняй Эўропы можна сустрэць шмат у якіх кутках сьвету.

(Галоўны адміністратар: ) “Мы яго ня ведаем нават. З нацыянальнасьці ён беларус, але ў Дзяржаўным цырку ніколі не працаваў. Ён прадстаўнік расейскага цырку; там папросту нейкі прыватны цырк, зь якім ён супрацоўнічаў. І гэта ўсё, што мы ведаем. З намі ён ніяк ня зьвязаны: яго ня ведаюць ні дырэктар цырку, ні старыя артысты, ні маладыя. Якая там увогуле была сытуацыя? Штосьці, пэўна, могуць патлумачыць у МЗС”.

Кіраўніца прэсавай службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына сказала, што цяпер акрэдытаваныя ў Вялікай Брытаніі беларускія дыпляматы займаюцца высьвятленьнем падрабязнасьцяў надзвычайнага здарэньня ў Ірляндыі. Задача прадстаўнікоў дыпмісіі – вызначыць, хто адказваў за якасьць цыркавога абсталяваньня й тэхніку бясьпекі ў перасоўным цырку. Гэтаксама дакладна невядома, дзе апошнім часам жыла сям’я акрабатаў Храпавіцкіх – у Беларусі ці ў Расеі.

(Ваньшына: ) “На сёньняшні дзень ніякіх новых зьвестак няма, і мы можам толькі пацьвердзіць, што ён зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Цяпер наш консул у Вялікай Брытаніі знаходзіцца на сувязі з паліцыяй гораду Скарыф. Калі штосьці стане вядома, ён абавязкова паінфармуе. Пакуль ніякай дадатковай інфармацыі няма”.

Беларусаў за мяжой можна сустрэць ня толькі ў цыркавых трупах. Былы спартовец, скакун у ваду Зьміцер Лыскавец ужо некалькі гадоў забаўляе публіку ў аквапарках Ганконгу й Сінгапуру, сігаючы ў басэйн з 25-мэтровага трампліну. І кажа, што кожны скачок – небясьпека заўчасна апынуцца ў шпіталі.

(Лыскавец: ) “Можа здарыцца што заўгодна. Крыху адхілілася цела ўбок, альбо наперад – і ўсё, адразу ж моцны ўдар. Можна лёгка пацягнуць мышцу, нават парваць – усё гэта элемэнтарна. Гэта адносна лёгка рабіць батутыстам, гімнастам і скакунам у ваду. Хіба толькі такая спэцыялізацыя. Астатнім папросту ня раю”.

Сёньня пра трагічнае здарэньне ў ірляндзкім Скарыфе пішуць усясьветныя выданьні. Практычна ўсе адзначаюць, што ад пачатку публіка расцаніла няўдалае прызямленьне клоўна як элемэнт цыркавога нумару. Калі ж беларускі акрабат, упаўшы, так і застаўся ляжаць на арэне, стала зразумела: такога фіналу ў сцэнары не прадугледжвалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG