Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганцавічах на знак жалобы спыніліся прадпрыемствы


Радыё Свабода Сёньня ў Ганцавічах на Берасьцейшчыне пахавалі шасьцёх чалавек, якія загінулі ў мінулую нядзелю ў аўтамабільнай аварыі ля Барысава. Старэйшаму з мужчын, што вярталіся з заробкаў у Расеі, было 45 гадоў.

Сёньня па абедзе абодва прамысловыя прадпрыемствы Ганцавіч спынілі працу. Людзі далучыліся да жалобнай працэсіі. На могілках у горадзе і ў найбліжэйшай вёсцы пахавалі грамадзянаў Беларусі, якія ня мелі працы на радзіме. “Яны загінулі, вяртаючыся з заробкаў у Расеі”, – удакладняе кіраўніца ўправы сацыяльнага забесьпячэньня Ганцавіцкага райвыканкаму Ніна Высоцкая:

(Высоцкая: ) “Такое няшчасьце спасьцігла наш раён... Загінулі працавітыя хлопцы. Яны замовілі кіроўцу прывезьці іх дамоў. Таму што ў цягніках з Расеі “чысьцяць” кішэні” ды іншае нядобрае здараецца.

Са слоў Ніны Высоцкай, многія ганцавіцкія сем’і спазналі небясьпеку заробкаў у Расеі. Спадарыня ўзгадвае, што й ейны сын таксама набраўся ў суседняй краіне страху.

(Высоцкая: ) “У Расеі яны не ўладкаваныя. Там народ зьбіраецца з усяго сьвету. Сын кажа: “Мама, сядзелі закрытыя й баяліся вылезьці. Увечары нікуды не выходзілі”.

Чаму ганцавіцкія мужчыны вымушаныя выпраўляцца на заробкі ў Расею? Праблему тлумачыць супрацоўніца раённага цэнтру занятасьці Вольга Русак:

(Русак: ) “У нас цяперашнім часам хто працуе? Вось ДОС, дзе трубы для газу вырабляюць, і КПД. Больш аніякіх прадпрыемстваў няма. А сёньня, паглядзіце, якое становішча! Дзяцей трэба вучыць. А вучоба пераважна за аплату. Што бацькам рабіць? Выяжджаюць на заробкі. Вось табе й зарабіў бацька грошай...”

Дасьледаваньне трагедыі й расповед пра яе ахвяраў робіць рэдактар незалежнай ганцавіцкай газэты “Мясцовы час” Пятро Гузаеўскі. Першыя высновы журналіста Радыё Свабода атрымала ўжо ў часе сёньняшняй жалобы.

(Гузаеўскі: ) “Увесь горад стаіць. Вы нават вось цяпер чуеце. Шарэнга працягнулася больш як на паўкілямэтра... Усе кажуць, што хлопцы змушаны былі ехаць менавіта з таго, што тут няма дзе прыткнуцца. Няма дзе зарабіць. Няма за што апрануць дзяцей, каб выправіць у школу.

...Працэсія вось праходзіць праз цэнтральную плошчу, а хваста, што цягнецца далёка, яшчэ не відаць...”.

Так у другой палове дня ў Ганцавічах сёньня праводзілі ў апошні шлях загінулых у дарозе з Расеі будаўнікоў.

Некалькі дзён таму Радыё Свабода паведаміла пра сьмерць прадпрымальніцы зь Беларусі на Чаркізаўскім рынку ў Маскве. Яшчэ раней загінуў будаўнік з Чэрыкава Зьміцер Грачушчаў.

Лічыцца, што легальна, на аснове дамоў і кантрактаў у Расеі цяпер працуе каля дзьвюх тысяч будаўнікоў зь Беларусі. Рэальная ж колькасьць іх, як даводзяць экспэрты, у 15-20 разоў большая. Дакладнай лічбы не назаве ніхто. Колькі гастарбайтэраў гіне на маскоўскіх будоўлях, статыстыка таксама не натуе. І наймальнікі маўчаць, бо загінулыя ў дакумэнтах нідзе не пазначаны, а сваякі не заўжды нават ведаюць месца іх працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG