Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноўтбукі ў самалёты да ЗША браць можна, вадкасьці – не


Ігар Карней, Менск У бальшыні аэрапортаў сьвету захоўваецца надзвычайны рэжым з-за пагрозы тэрарыстычных атакаў. На міжнародных рэйсах забаронена браць на борт любыя пакункі з вадкасьцю, уключна з напоямі, набытымі ў крамах “д’юці-фры”. У асобных выпадках авіякампаніі могуць нават адмовіць пасажыру ў палёце, калі ён выклікае падазрэньні службаў бясьпекі. Апроч таго, павялічаны штат супрацоўнікаў, якія кантралююць пасажыраў.

У зьвязку з падазрэньнямі на падрыхтоўку тэрактаў у самалётах брытанскіх авіякампаній па ўсім сьвеце падвышаныя меры перасьцярогі з боку службаў аховы аэрапортаў. На бальшыні рэйсаў, перадусім, у кірунку Злучаных Штатаў, на борт дазваляецца праносіць толькі дзіцячае харчаваньне і лекі пры наяўнасьці рэцэпту.

Буйнейшыя авіяперавозчыкі ўзялі за правіла прысутнасьць у самалётах прадстаўнікоў спэцслужбаў. Нават у суседняй Расеі створаныя так званыя межы бясьпекі ў аэрапортах маскоўскай зоны: ад моманту прыбыцьця грамадзкага і прыватнага транспарту людзі (і хто адлятае, і праважатыя) трапляюць пад нагляд аддзелаў міліцыі на паветраным транспарце, якія адсочваюць падазроных асобаў.

У Нацыянальным аэрапорце “Мінск-2” такіх маштабных захадаў не прымаецца, аднак больш пільнае стаўленьне да пасажыраў усё ж адчувальнае. Так, служба бясьпекі аэрапорту ў часе дагляду прымушае даставаць нават элемэнты сілкаваньня з фотаапаратаў. Праўда, там патлумачылі, што гэта выключна тэхнічная мера.

(Супрацоўніца “Мінск-2”: ) “Ведаеце, у пераліку забароненых рэчаў не стаяць батарэйкі асобным пунктам. Таму што калі багаж праходзіць X-Ray (рэнтген-дагляд), усё вымаецца, правяраецца, але ня больш за тое. А потым усё вяртаецца”.

Усясьветныя тэндэнцыі наўпрост карэктуюць і працу замежных авіякампаній у Беларусі. У менскім прадстаўніцтве “Аўстрыйскіх авіяліній” паскардзіліся, што інструкцыі зьмяняюцца ледзьве ня кожны дзень. І пытаньне – ці можна браць на борт, прыкладам, ноўтбук падчас палёту ў ЗША – выклікала ў супрацоўніцы невялікае замяшальніцтва.

(Прадстаўніца “Аўстрыйскіх авіяліній”: ) “Правілы зьмяняюцца з такой рэгулярнасьцю, што лішні раз лепш праверыць: зірну самыя апошнія інструкцыі… Да Вены адназначна можна. Што да ЗША і Канады? Па кампутарах абмежаваньняў ня бачу, новага нічога. Значыць, ноўтбукі зараз браць з сабой ужо можна, нельга па-ранейшаму толькі вадкасьці. Так, вадкасьці нельга дагэтуль”.

Мая суразмоўніца дадала: апроч вадкасьцяў ды розных геляў, катэгарычна забаронена праносіць у салён самалёту вострыя прадметы, прадметы, якія коляць і рэжуць, а таксама запальнічкі. У ручную кладзь нельга пакаваць ежу. Таму лепш абмежавацца дакумэнтамі, ключамі і ў выпадку неабходнасьці мэдыкамэнтамі (з абавязковым рэцэптам ці сэртыфікатам ад лекара).

Былі паведамленьні, што падчас палётаў у Заходнюю Эўропу ўвесь набыты ў “Менск-2” алькаголь ды парфума будуць сканфіскоўвацца. Інфармацыя, аднак, не пацьвердзілася. У аэрапорце патлумачылі, што купляць і перавозіць набыты ў “д’юці-фры” алькаголь не забаронена. Але калі чалавек будзе перасаджвацца на стыковачны рэйс у Вене ці Франкфурце, то на беларускага пасажыра ўжо распаўсюджваюцца правілы бясьпекі, агульныя для Эўразьвязу.

З аэрапорту “Мінск-1” міжнародныя рэйсы, за выключэньнем палётаў у Кіеў, не ажыцьцяўляюцца. А таму пра падвышаныя меры перасьцярогі не паведамляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG