Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>4 гадзіны "Песьняў свабоды" у Парку Дружбы народаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск Ад 18 да 22 гадзінаў ў менскім парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор праходзіў рок-канцэрт "Песьні свабоды". Імпрэза была прысьвечаная 15-м угодкам наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі моцы канстытуцыйнага закону.

На канцэрт прыйшлі некалькі тысячаў гледачоў, пераважна маладых.

Адразу на пачатку імпрэзы вядучы Аляксандр Памідораў заклікаў усіх прысутных не даставаць бел-чырвона-белых сьцягоў, паколькі ў такім выпадку канцэрт можа быць разагнаны. Але нацыянальныя колеры, тым ня менш, прысутнічалі на імпрэзе – многія гледачы прынесьлі бел-чырвона-белыя парасоны, часам над натоўпам луналі і сьцягі.

Падчас выступу, бадай, самага папулярнага беларускага рок-гурту “N.R.M.” многія гледачы ня ўстрымаліся і над людзьмі ўзьняліся некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. Міліцыянты ў цывільным зайшлі ў натоўп і сталі назіраць за падзеямі. Канцэрт быў прыпынены, і выступоўцы папрасілі юнакоў прыбраць сьцягі, каб не было непатрэбных затрыманьняў і судоў.

У перапынку паміж выступамі гуртоў слова ўзяў старшыня БНФ Вінцук Вячорка, які згадаў падзеі 15-гадовай даўнасьці. Прадстаўнікі міліцыі сказалі, што не пярэчаць выступам палітыкаў паміж песьнямі. Увогуле, вакол плошчы было даволі шмат АМОНаўцаў – байцы спэцназу сядзелі на лаўках.

Цягам чатырох гадзінаў выступілі гурты “N.R.M.”, “Neurodubel”, “Таварыш Маўзэр”, “PLAN”, “Band A”, “Крама”, “Партызанская школа”, “Памідор/OFF” ды іншыя.

Арганізатары плянавалі правесьці канцэрт 27 ліпеня, але гарадзкія ўлады тады не далі дазволу. Гэтым разам бясплатны канцэрт быў санкцыянаваны ўладамі.



Першым выступіў гурт "Band A"



Раз-пораз над гледачамі ўзносіцца бел-чырвона-белы сьцяг



Публіка вітае гурт "Партызанская школа"



На сцэне – гурт "Крама"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG